Skip to main content

Біскуп Станеўскі да ўдзельнікаў пілігрымкі Беласток – Гродна – Вільня: будзем прымаць эўхарыстычны хлеб

bp wilnius 219 жніўня з самай раніцы ў гродзенскім касцёле Адшукання Святога Крыжа (бернардынскі) удзельнікі ХХVI экуменічнай пілігрымкі Беласток – Гродна – Вільня сабраліся на святой Імшы перад выхадам у далейшы шлях.

Эўхарыстыю ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Іерарх агарнуў сваімі малітвамі ўсіх пілігрымаў, якія прыбылі з Польшчы, а таксама амаль 100 вернікаў з Беларусі, якія ў гэты дзень далучыліся да іх. Біскуп маліўся і за ўсіх жыхароў Гродна, якія, кіруючыся старой прымаўкай “Госць у дом – Бог у дом”, адчынілі дзверы сваіх дамоў, каб прыняць пілігрымаў.

У гаміліі біскуп засяродзіў увагу на літургіі слова гэтага дня. Іерарх адзначыў, што ў гэты час, калі хлебаробы клапоцяцца аб ураджаі хлеба на нашых палях, Касцёл таксама кажа пра хлеб, але не толькі зямны, звычайны, але і хлеб Божы, эўхарыстычны.

Па словах біскупа, клопат аб штодзённым хлебе вельмі важны, але гэта не адзіны клопат нашага жыцця, бо “не хлебам адным жыве чалавек” (Mц 4, 4).

bp wilnius 3

Іерарх дадаў, што, як штодзённы хлеб патрэбны, каб падтрымліваць у людзях біялагічнае жыццё, так Хрыстовы пасілак патрэбны, каб падтрымліваць у іх Божае жыццё, духоўнае жыццё, якое працягнецца ва ўсёй вечнасці.

“Калі мы прымаем эўхарыстычны хлеб, Хрыстус Пан перамяняе нас у сябе. Мы становімся моцныя Богам”, – сказаў біскуп. Па словах іерарха, гэтая пілігрымка да Вострай Брамы, якая адбываецца ўжо ў 26-ы раз, – “паход у школу Марыі, каб атрымаць там упэўненасць і ўмацавацца ў веры”. Біскуп пажадаў, каб усе ўдзельнікі гэтай пілігрымкі маглі дайсці да трона Міласэрнай Маці, каб зірнуць у Яе матчыны вочы, поўныя клопату пра кожнага чалавека.

bp wilnius 26

На заканчэнне Імшы кіраўнік пілігрымкі кс. Лукаш Жук падзякаваў усім жыхарам Гродна за аказаную гасціннасць і тое, што дзеляцца тым, што маюць.

Пасля пілігрымка вырушыла ў далейшы шлях у напрамку Вільні. Па дарозе яна спыніцца на начлег у Азёрах, Новым Двары і Радуні, а затым увойдзе на тэрыторыю Літвы.

Kс. Юрый Марціновіч