8–14 жніўня ў кляштары Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі) у Навагрудку адбыліся рэкалекцыі для сем’яў. Гэта быў ужо другі тур такіх рэкалекцый бягучым летам.
На рэкалекцыях сабралася 75 чалавек, якія захацелі з Богам у коле сваіх блізкіх, сярод духоўных асобаў правесці свой вольны час удалечыні ад штодзённага хаосу і мітусні. Сем’і прыбылі з Глыбокага, Навагрудка, Смаргоні, Ліды, Гродна і Мінска.
Рэкалекцыі для сем'яў па традыцыі арганізавалі сёстры назарэтанкі. Канферэнцыі для сужэнцаў прамовіў кс. Мікалай Ціхановіч – пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Глыбокім (Віцебская дыяцэзія). Падчас тэматычных дыскусій прысутныя разважалі над будаваннем сямейных адносін, а таксама над тым, як трэба выходзіць з крызісных сітуацый, над магчымасцю аздараўлення сям’і.
Быў час і на сведчанні, якімі ахвотна дзяліліся сужэнцы, распавядаючы, як яны перажываюць цяжкія этапы ў сваім штодзённым жыцці і як ідуць супольным шляхам, які падрыхтаваў ім Пан.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: с. Марыянна Алешчык CSFN