Рэкалекцыі пад назвай “Кім мне быць, Пане?” праходзілі 2–7 жніўня. Удзельнiчалi ў іх хлопцы з піярскага душпастырства ва ўзросце ад 14-ці гадоў з Ліды і са Шчучына – месцаў у Гродзенскай дыяцэзіі, дзе служаць айцы з Ордэна Духоўных Рэгулярных Убогіх Маці Божай Пабожных Школ (піяры).
На 6 дзён маладыя людзі апынуліся ў атмасферы малітвы, цішыні і супольнай рэкрэацыі. Рэкалекцыі ўключалі супольную малітву, штодзённае разважанне над Святым Пісаннем, тэматычныя сустрэчы, размовы са святаром. Эўхарыстыя заўсёды была цэнтральным пунктам дня, да якога рыхтавалі канферэнцыі і сустрэчы ўдзельнікаў з Божым словам сам-насам.
Рэкалекцыі правёў а. Аляксандр Махнач SP – піярскі душпастыр пакліканняў у Беларусі.
Малітоўныя сустрэчы ў айцоў піяраў даюць юнакам магчымасць паглыбіць сваю веру, умацаваць сяброўства з Хрыстом і адкрыць сваё жыццёвае пакліканне.
JM