Skip to main content

Біскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліў св. Імшу памяці бл. сясцёр мучаніц з Навагрудка ў Рандзілаўшчыне

muczanicy randz 85 жніўня ў касцёле Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Рандзілаўшчыне (Дзятлаўскі дэканат) адбылася св. Імша з нагоды 75-ай гадавіны мучаніцкай смерці бл. сясцёр назарэтанак з Навагрудка. Бласлаўлёныя манахіні ўжо на працягу года апякуюцца гэтай парафіяй праз прысутнасць у рэліквіях. Аддаючы пашану с. М. Стэлі і яе паплечніцам, на распачацце ўрачыстасці вернікі памаліліся Літаніяй да бл. сясцёр.

У св. Імшы прынялі ўдзел манахіні з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям'і з Назарэта і мясцовыя вернікі. Урачыстасць узначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

muczanicy randz 24

У гаміліі іерарх заахвоціў сабраных давяраць заступніцтву бласлаўлёных назарэтанак свае сем’і, смуткі і радасці.

“Сёстры мучаніцы з Навагрудка ахвяравалі дзеля выратавання мясцовых жыхароў самае каштоўнае – сваё жыццё. І, без сумневу, у Небе яны будуць выпрошваць для вас неабходныя ласкі”, - зазначыў біскуп.

На заканчэнне службы пробашч парафіі кс. Андрэй Пышынскі запрасіў ушаноўваць рэліквіі сясцёр назарэтанак праз уцалоўванне.

muczanicy randz 25

***

Сёлета прыпадае 75-я гадавіна мучаніцкай смерці бласлаўлёных с. Марыі Стэлы і яе дзесяці паплечніц. Манахіні з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта былі расстраляны ў Батароўскім лесе каля Навагрудка 1 жніўня 1943 года. Сёстры назарэтанкі аддалі сваё жыццё, каб выратаваць 120 чалавек, пераважна бацькаў сямей, якіх павінны былі расстраляць. Смяротнае пакаранне было заменена для арыштаваных працамі ў Германіі (затрыманыя былі вывезены 24 ліпеня, а некаторых вызвалілі). Усе вывезеныя перажылі вайну.

АМ