Skip to main content

Адгалоскі з "Музычнай Майстэрні": гродзенская моладзь дзеліцца ўражаннямі

iwianec int 3З 21 па 29 ліпеня ў Івянцы праходзілі дні, прысвечаныя музыцы. Кожны дзень удзельнікі мелі шмат рэпетыцый, канцэртаў, спатканняў у групах і г.д. Разам з майстрамі з Польшчы моладзь вучылася прафесійна спяваць і граць на музычных інструментах. Сёлета на спатканне завіталі Ян Паспяшальскі, Хуберт Кавальскі, Марцэль Баліньскі, Зузанна Іваньска, Крыштаф Бараноўскі і а. Пётр Карнэлюк OFMConv. Як праходзіла сустрэча і якія былі самыя яркія моманты спаткання распавядаюць хлопцы і дзяўчаты з нашай дыяцэзіі.

 

Надзея Бралко

iwianec int 6

Эксперымент удаўся!

Музычная майстэрня была для меня эксперыментам, які даў добрый плён. Гэты час робіць з кожным неверагодныя рэчы. Усё змяняецца, вера становіцца мацней, духоўны стан набірае супакою. Вельмі важна зразумець, хто я такі, і на майстэрні гэта добра атрымліваецца. Таксама спатканне дае магчымасць раскрыць у сабе новыя таленты, аб якіх не ведаў. У Івянцы вераць у кожнага. Я ніколі не сустракала такіх адкрытых людзей; слова “зайздрасць” там няма, ёсць толькі радасць і захапленне. Цешуся, што знайшла новых сяброў. Дзякую Богу за магчымасць акунуцца ў атмасферу музыкі, добрых людзей і славіць нашага Нябеснага Айца.

 

Раман Кухнавец

iwianec int 5

Павінны развіваць таленты, якія дае  Бог

Шмат чуў пра "Музычную Майстэрню" ад знаёмых - і толькі добрае. У гэтым годзе вырашыў паехаць і адчуць ўсе тое, аб чым мне казалі. Не пашкадаваў, было вельмі класна! Пасля майстар-класаў я вырашыў, што буду далей развіваць свае музычныя таленты і здольнасць гульні на гітары і клавішах. І ўсім раю паехаць на гэтае свята музыкальных здольнасцяў! Там кожны знойдзе ў сабе талент, а настаўнікі дапамогуць яго раскрыць. Мне асабліва спадабаліся вечары джазу: было вельмі атмасферна, адным словам – крута.

 

Уладзіслаў Навумчык

iwianec int 1

Славіць Бога гумовым тапкам – магчыма!

Апошні раз быў на ММ сем гадоў таму, на жаль, пазней не было магчымасці прыехаць у Івянец. Сёлета атрымалася, і я моцна цешуся. Гэты час навучыў мяне яшчэ больш служыць Богу сваім спевам і рабіць гэта прафесійна. Дзякуючы гасцям з Польшчы, кожны дзень мы здабывалі новыя веды і атрымлівалі пазітыўныя эмоцыі. Таксама я хадзіў на майстар-класы па перкусіі, дзе біў гумовым тапкам па вадасцёкавай трубе - атрымлівалася нядрэнная музыка. Таму можам зрабіць выснову: граць можна на ўсім, што знойдзецца пад рукой. "Музычная Майстэрня" – месца, дзе можна ўцячы ад клопатаў штодзённасці, быць толькі з музыкай і бліжнім, такім чынам праслаўляючы Бога.

 

Ганна Таўрэль

iwianec int 4

Цеплыня ў сэрцы

Яшчэ зімой запланавала ехаць на івянецкае спатканне, бо такое прапусціць нельга. Сустрэча з таленавітымі людзьмі - гэта шчасце для мяне. Кожны дзень мы мелі насычаную праграму, шмат цікавых рэчаў, усмешак, сюрпрызаў, што спрыяла добраму настрою на ўсе дзевяць дзён. "Музычная Майстэрня" аб’яднала моладзь з усёй краіны, кожны мог знайсці занятак па душы. Нечакана для меня я пайшла да спадара Яна Паспяшальскага, каб вучыцца граць на гітары - яго цярплівасць і клопат аб сваіх вучнях мяне моцна ўразіў. Кожны дзень пасля канцэрту мы маглі адараваць Найсвяцейшы Сакрамант. Гэта незвычайнае пачуццё - адчуваць прысутнасць Святога Духа сярод нас. Час праляцеў вельмі хутка, але цеплыня застанецца ў сэрцы назаўсёды.

 

Вiкторыя Бурч

iwianec int 2

"Майстэрня" мяне змянiла

Пра існаванне каталіцкіх музычных майстар-класаў у Беларусі я ведала даўно. Часта глядзела відэа і фота з "Грай Пану" і "Музычнай Майстэрнi". Але ніколі не адважвалася туды паехаць і акунуцца ў творчую атмасферу. Зараз, пасля гэтых нерэальных і насычаных дзён, вельмі цяжка падабраць словы. Больш за ўсё мяне здзівіла тое, што кожны ўдзельнік, усе арганізатары і музыкі з Польшчы выразна разумелі мэту, для Каго і навошта яны сюды прыехалі. Гэта была не супер тэхнічная музыка, не паказ свайго прафесіяналізму, а сапраўдная малітва. Нас вучылі ўслухоўвацца ў кожнае слова, усёй душой праслаўляць Бога і, самае галоўнае, служыць іншаму чалавеку. Калі вярнуласяа дадому, мама сказала, што мяне не пазнаць. І гэта праўда. "Музычная Майстэрня" мяне змяніла і натхніла, мне хочацца развівацца і кожную хвіліну свайго жыцця аддаваць Богу. Запрашаю ўсіх у наступным годзе паўдзельнічаць у гэтай музыкальнай сустрэчы! Нас, такіх шчаслівых і натхнёных, павінна быць больш!

 

Вольга Сяліцкая

Фота: http://muzmajsternia.by