28 ліпеня ў Батароўскім лесе каля Навагрудка, дзе 75 гадоў таму былі расстраляны 11 манахінь з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі), сабраліся шматлікія пілігрымы.
Шмат людзей прыбыло, каб ушанаваць памяць сведкаў Хрыста, якія ахвяравалі сваё жыццё Богу, і каб вучыцца ў іх адважна ісці праз жыццё. Прысутныя дзякавалі Пану за дар благаслаўлёных мучаніц для Касцёла на Гродзеншчыне і Касцёла ў Беларусі.
Праз іх заступніцтва ўдзельнікі Імшы прасілі Бога аб ласцы глыбокай, моцнай веры, адвагі, сапраўднай любові да Яго і бліжніх для саміх сябе, сваіх сем’яў, супольнасцяў, да якіх належаць. Таксама маліліся за народы, якія перажываць войны і тэрарыстычныя замахі, за краіны, дзе адбываюцца ўнутраныя канфлікты, каб насілле і нянавісць саступілі месца паяднанню і прабачэнню, а супраціўнікі знайшлі ў сабе мудрасць і адвагу мірнага вырашэння ўсялякіх спрэчак.
Паглядзець на іх вялікую адвагу
На гэтую зямлю, якая была акроплена крывёю мучаніц, прыбыла пасля пяці дзён шляху група пілігрымаў з Гродна. У пешай пілігрымцы прыйшлі таксама вернікі Пінскай дыяцэзіі з Новай Мышы, даехалі на роварах паломнікі з Крамяніцы.Прысутнічалі і прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, гарадскіх і раённых уладаў Навагрудка, святары, сёстры законныя і шмат вернікаў з розных месцаў нашай краіны і з замежжа.
Паглядзець на гераічнае жыццё сваіх папярэдніц прыбылі шматлікія манахіні з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта на чале з генеральнай настаяцельніцай с. Янай Завеяй. Назарэтанкі вельмі ўдзячныя благаслаўлёным мучаніцам за ахвяру, якую тыя склалі Богу, пакінуўшы пасля сябе прыгажосць сведчання святасці жыцця, з якім служылі Пану і бліжнім, дасканалай вернасці свайму манаскаму пакліканню.
У гэтым лесе, дзе разгарнуліся драматычныя падзеі 75 гадоў таму, святую Імшу ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Войда, Мітрапаліт Беластоцкі (Польшча). Разам з ім яе канцэлебравалі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі і архімадрыт Сяргей Гаек.
Напоўніць нашу зямлю мірам
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў у гаміліі, што гэты прыгожы лес стаў Кальварыяй, на якой сёстры, па прыкладзе Езуса, ахвяравалі сваё жыццё за бліжніх. „Яны загінулі, але жыццё засталося. Гэта азначае, што любоў з’яўляецца крэатыўнай”, – дадаў іерарх.
Па словах арцыбіскупа, гэты лес, як і шматлікія месцы генацыду таталітарных рэжымаў, „заклікаюць да новага асэнсавання Божага закону аб любові да бліжняга, каб пазбегнуць падобных трагедый”.
„Мы рэалізуем вобраз Бога ў сабе, калі любім бліжняга, прабачаем яго правіны, баронім жыццё ад зачацця да натуральнай смерці, умацоўваем мір і справядлівасць у свеце, дбаем пра годнасць чалавека і г.д. Праз нас Бог уваходзіць у гісторыю, каб сваёй ласкай і супакоем напоўніць зямлю”, – сказаў Мітрапаліт.
Іерарх падкрэсліў, што страшная трагедыя, якая здарылася тут 75 гадоў таму, заклікае ўсіх да рахунку сумлення з любові да бліжняга і да веры. A пацвердзіць гэта, па словах арцыбіскупа, магчыма толькі сведчаннем свайго жыцця паводле вучэння і прыкладу Хрыста.
Выхоўваць наступныя пакаленні
„Навагрудскі лес з яго трагедыяй, разам з Асвенцымам, Трасцянцом, Курапатамі і шматлікімі падобнымі месцамі ў Беларусі, Еўропе і ўсім свеце, заклікае скончыць з логікай, якая вядзе да знішчэння жыцця, годнасці і свабоды чалавека”, – адзначыў Мітрапаліт.
Па словах іерарха, мы ўспамінаем падзеі 75-гадовай даўніны „не для таго, каб разрываць загоеныя раны і пасыпаць іх соллю, але для таго, каб на памылках мінулага выхоўваць новыя пакаленні і каб падобнае ніколі не паўтарылася”.
Падчас Эўхарыстыі ўдзельнікі маліліся таксама аб беатыфікацыі сястры Малгажаты Банась – дванаццатай назарэтанкі з Навагрудка, якая пазбегла мучаніцкай смерці.
Пасля Імшы прысутныя мелі магчымасць пацалаваць рэліквіі благаслаўлёных назарэтанак і трываць на каленях на ціхай малітве – на той самай зямлі, якая была акроплена крывёю мучаніц, што аддалі сваё жыццё за бацькаў сем’яў.
Вернікі пакідалі лес у задуме і цішыні, усведамляючы, што наша зямля – благаслаўлёная зямля, дзе пралілася кроў многіх адважных людзей, якія не выракліся Бога, не здрадзілі Яму, а здолелі заставацца Яму вернымі да канца.
Благаслаўлёныя сёстры назарэтанкі з Навагрудка! Выпрасіце нам, людзям ХХІ стагоддзя, ласку вернага трывання з Хрыстом! Няхай наш народ ніколі не адрачэцца ад веры і ніколі не адарвецца ад хрысціянскіх каранёў. Каб мы больш за ўсё жадалі Бога, які з’яўляецца сапраўднай любоўю, і гэтую любоў практыкавалі ў нашым жыцці.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Ангеліна Марцішэўская