
Калі задумацца, мы па праўдзе чужыя для гэтых людзей. Яны нам не нехта з родзічаў, не маміна сяброўка, магчыма, ніколі больш не сустрэнемся. Але, нягледзячы на гэта, да нас адносяцца як да блізкіх людзей, распытваюць, як сябе адчуваем, стаміліся ці не, чым могуць дапамагчы, чаго нам не стае і шмат яшчэ чаго іншага. Сапраўды, вельмі прыемна! Але разам з тым узнікаюць пытанні: чаму яны гэта робяць? што іх "натхняе" на гэта? Жанчына, якая прымала нас на начлег, адказала даволі проста: "Сёння я вас пакармлю, заўтра нехта пакорміць майго сына". У такія моманты ўзнікаюць думкі, што гэта сапраўдны Касцёл. Адзінае, што нас аб'ядноўвае, – вера ў Езуса Хрыста. І гэта сапраўды ўвасабляе сабою хрысціянскую супольнасць не словамі, а канкрэтнымі учынкамі.
"Гэтак і вера, калі не мае дзеяў, мёртвая сама ў сабе" (Як 2,17).
Валерый Руселевіч