Хвала Хрысту! Сонечнае прывітанне з пілігрымкі Гродна – Тракелі.
Дзень 4.
Чацвер распачалі вельмі рана, было цяжка адкрыць вочы і ўстаць.
Сёння адсвяткавалі 25 гадоў манаскага паклікання с. Марлены: на працягу ўсяго дня маліліся ў яе інтэнціі. Манахіня ў гэтым годзе ідзе да Маці Божай ужо ў 18-ы раз. Дзякуем Богу за яе паслугу ў нашай дыяцэзіі.
Сонейка пячэ на працягу ўсяго шляху. Гэта быў першы дзень, калі нам усім спатрэбіліся кепкі і панамы. Цяпер мы сапраўдныя пілігрымы: маем загарэлыя твары. Спадзяюся, “Пантэнола” хопіць на ўсіх.) Ісці ў такую спякоту яшчэ цяжэй: у некаторых з’явілася асфальтная хвароба, усе больш “інвалідаў” з хворымі нагамі, але нават малыя дзеці стараюцца не ехаць на бусе, а ідуць разам з бацькамі.
Сёння на ўсіх пастоях нас частавалі жыхары вёсак: сустракалі з хлебам і соллю. А на зямлі былі высланы прыгожыя “дываны” з кветак.
Канферэнцыю ў гэты дзень прамовіў кс. Валерый Быкоўскі. “Марыя – маці надзеі, а мы яе дзеці. Кожнае дзіця павінна быць падобным да сваёй матулі. Давайце будзем старацца наследавць Найсвяцейшую Панну. Прасіце Бога дапамагаць вам быць міласэрнымі і прымаць усе цяжкасці з любоўю”, - адзначыў святар.
Напрыканцы дня ўсе былі змучаныя і гарачыя, пачалі абліваць бліжных вадою, каб было крыху лягчэй. Самае цікавае, што ўсе, каму было цяжка ісці, больш за ўсіх скакалі на канцэрце гурта “Аvе”. Семінарысты сабраліся з розных пілігрымак, каб сыграць для нас і разам праславіць Госпада.
Чацвёрты дзень скончылі Марыйным апелем і салютам.
Заўтра ўжо будзем са сваімі інтэнцыямі ў нашай Нябеснай Матулі, і ужо заўтра скончыцца мой дзённік. Буду сумаваць.
Вольга Сяліцкая