Skip to main content

У Шчучыне прайшла падрыхтоўка да Сіноду Біскупаў на тэму моладзі

sinodbp 7У кастрычніку 2018 г. адбудзецца Сінод Біскупаў на тэму "Моладзь, вера і распазнанне паклікання". Ордэн піяраў як частка супольнасці Касцёла вырашыў далучыцца да перадсінадальнай падрыхтоўкі. Кіраўніцтва Польскай правінцыі Ордэна піяраў запланавала правесці Піярскі сінод маладых у маі 2018 г. у Варшаве. Але падрыхтоўка ў Беларусі распачалася значна раней: з 5 па 6 лістапада ў парафіі св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне сабралося каля 60 маладых людзей са Шчучына і Ліды, каб паразважаць над тэматыкай запланавага сінода.

На пачатку спаткання а. Гжэгаж Ксёнжэк SP прамовіў уводную канферэнцыю, падчас якой закрануў наступныя пытанні: "Што значыць па-сапраўднаму верыць?", "Што мы павінны рабіць, каб распазнаць сваё пакліканне?". Святар адзначыў, што па-сапраўднаму верыць той, хто да канца застаецца верным Богу. Каб адказаць на пытанне адносна распазнання пакліканння, манах звярнуўся да гісторыі жыцця апосталаў. "Ніхто з апосталаў не ведаў, што іх чакае, калі яны пойдуць за Хрыстом. Але яны рызыкнулі і не памыліліся. Таму рызыкніце, паверце, цвёрда трымайцеся свайго выбару і мужна ідзіце да канца. Лепш зрабіць памылку, чым стаяць на месцы", – заклікаў а. Гжэгаж SP.

Пасля канферэнцыі і св. Імшы моладзь падзялілі на чатыры групы. Кожнай групе для разважання была прапанавана адна з чатырох тэмаў: "Вера", "Распазнанне", "Пакліканне", "Супольнасць". Напрыклад, хлопцы і дзяўчаты, якія разважалі над тэмай "Вера", спрабавалі адказаць на пытанні: "Што мне дапамагае, а што перашкаджае верыць? Што магу зрабіць я і супольнасць Касцёла, каб людзі вярнуліся да вызнавання моцнай веры?".

sinodbp 4

Пасля працы ў групах адбылося супольнае абмеркаванне атрыманых вынікаў.

"Спадзяёмся, што адшуканыя адказы і выпрацаваныя прапановы з боку моладзі Беларусі будуць пачутыя падчас сіноду", - адзначылі маладыя вернікі.

Аляксандр Снапко