Skip to main content

У гродзенскай семінарыі прайшла сустрэча для міністрантаў на тэму распазнання паклікання

seminaria rec 6

15-16 лістапада ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшлі дні засяроджання для міністрантаў на тэму распазнання паклікання.

На духоўных практыкаваннях сабраліся міністранты розных парафій Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама Мінска, Пінска і Баранавіч – у цэлым больш за 20 чалавек.
‎Галоўнай думкай, над якой разважалі ўдзельнікі, быў верш з Евангелля паводле Мацвея: “І вось Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку” (Мц 28, 20).

‎Сустрэча распачалася святой Імшой, на якой мадэратар прапедэўтычнага курса гродзенскай семінарыі кс. Павел Скуба разважаў аб прысутнасці Бога, а асабліва Езуса Хрыста, у жыцці кожнага чалавека. Пасля абеду міністранты маліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці аб міры ў свеце, за Касцёл, аб навяртанні грэшнікаў, за свае сем’і і аб тым, каб Езус у сваёй міласэрнасці дазволіў ім распазнаць сваё пакліканне.

‎Пасля малітвы міністранты былі падзелены на групы, і студэнты шостага курса семінарыі запрасілі іх на інтэграцыйныя размовы на свежым паветры, у межах якіх паказалі ім гродзенскія святыні, расказалі пра сваё пакліканне ці правялі катэхезу, прысвечаную літургіі, і віктарыну.

seminaria rec 4

Потым міністранты ўдзельнічалі ў малітве Ружанца і адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. У канцы дня яны паразмаўлялі з семінарыстамі, паглядзелі разам з імі фільм і згулялі ў настольны тэніс.

Другі дзень міністранты распачалі малітвай, у межах якой асабліва ўшаноўвалася Панна Марыя Вастрабрамская, Апякунка Гродзенскай дыяцэзіі, успамін якой у гэты дзень адзначаўся. Пасля сняданку яны выслухалі канферэнцыю, у якой гаварылася пра тое, як чалавек можа дазволіць Богу прабываць у сваім жыцці. Была звернута ўвага на ролю малітвы, чытання Божага слова, сакрамэнтаў пакаяння і Эўхарыстыі. ‎

Кульмінацыйным пунктам праграмы гэтага дня была святая Імша ў гродзенскай катэдры, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. На літургіі іерарх звярнуўся да ўсіх вернікаў і ў прыватнасці да міністрантаў з гаміліяй.

Удзельнікі дзён засяроджання атрымалі пастырскае благаслаўленне на зваротную дарогу, ружанцы і абразкі Маці Божай Вастрабрамскай, а таксама зрабілі фотаздымак на памяць пра гэтую сустрэчу.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі