
15 лістапада ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прывіталі новага прэфекта – кс. Андрэя Скамарошку. У гэты дзень, вігілію ўрачыстасці Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, галоўнай нябеснай Апякункі Касцёла на Гродзеншчыне, ксёндз Андрэй цэлебраваў у капліцы семінарыі Імшу.
Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй прызначыў ксяндза Андрэя прэфектам семінарыі 29 кастрычніка. Да гэтага ён быў вікарыем лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа і катэхетычным візітатарам Лідскага дэканату.
На Імшы новы прэфект даручыў сваё служэнне Маці Божай, а семінарыстаў папрасіў аб малітоўнай падтрымцы.
Нам паведамляюць, што семінарысты сустрэлі ксяндза Андрэя з вялікай радасцю. Яны пажадалі, каб пад кіраўніцтвам Святога Духа ён будаваў братэрскія адносіны з супольнасцю семінарыі і каб яго прысутнасць у ёй спрыяла развіццю гэтай навучальнай установы.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
