Skip to main content

Урачыстасць Маці Божай Вастрабрамскай адзначылі ў вёсцы Урцішкі пад Іўем

iue 7

16 лістапада адпустовую ўрачыстасць галоўнай Апякункі Касцёла на Гродзеншчыне, Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, адзначылі ў вёсцы Урцішкі. Капліца Маці Божай Вастрабрамскай, якая знаходзіцца ў гэтай вёсцы і належыць парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі, у гэты дзень становіцца на Іўеўшчыне асаблівым месцам малітвы.

Святую Імшу ў капліцы цэлебраваў дырэктар дабрачыннага каталіцкага таварыства “Caritas”-Беларусь кс. канонік Андрэй Аніскевіч. На літургіі сабраліся не толькі жыхары вёскі, але і вернікі суседніх парафій. Некаторыя з іх у індывідуальным парадку здзейснілі ў гэты марозны дзень пешую пілігрымку ў капліцу з Іўя, пераадолеўшы каля сямі кіламетраў.

Ксёндз Андрэй на Імшы назваў гісторыю невялічкай урцішкаўскай святыні “сведчаннем Божай любові, моцы і міласэрнасці”. “І з гэтым нельга не згадзіцца, – адзначае Раман Ярмош, які паведаміў нам пра гэтую падзею. – Распачаўшы будаўніцтва капліцы ў 1926 годзе, жыхары вёскі не ведалі, што праз некалькі гадоў наступяць часы ваяўнічага атэізму і ім разам прыйдзецца абараняць яе ад закрыцця і перабудовы”. У сярэдзіне ХХ стагоддзя ўлады хацелі перабудаваць капліцу, каб зрабіць з яе сельскі клуб, але рэалізавацца гэтым планам не дала гарачая малітва вернікаў пад яе сценамі.

Таксама ксёндз Андрэй заахвоціў удзельнікаў літургіі задумацца над тым, які вялікі гонар мець капліцу, якая носіць тытул галоўнай Апякункі дыяцэзіі.
Паводле легенды, штуршком да будаўніцтва капліцы стаў сон аднаго з жыхароў Урцішак, у якім Маці Божая прасіла пабудаваць Ёй сціплую святыню. Будаўніцтва распачалося праз некалькі гадоў і завяршылася 16 лістапада 1929 года, калі капліцу асвяціў кс. прэлат Нікадзім Тарасевіч – пробашчам іўеўскай парафіі ён быў 15 гадоў таму, а ў гэты час служыў у Пінскай дыяцэзіі, аднак спрыяў з’яўленню капліцы ў вёсцы.

“А сёння, калі да стагоддзя капліцы застаецца ўсяго некалькі крокаў, у сэрцах жыхароў вёскі гарыць надзея на тое, што іх сціплая святыня і далей, як на працягу ўсёй сваёй гісторыі, будзе збіраць пілігрымаў на свята Маці Божай Вастрабрамскай”, – паведамляе Раман Ярмош.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі