
З 7 па 9 лістапада ў Шчучыне прайшла сустрэча для жанчын, якія належаць да Асацыяцыі Святой Сям’і. Асацыяцыя дзейнічае пры Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.
На сустрэчы разважалі над тэмай “Месца жанчыны ў супольнасці Касцёла”. Айцец Андрэй Агель SP у межах разважання адзначыў, што ў Касцёле жанчыны адыгрываюць важную ролю. Па яго словах, іх дзейнасць паказвае, што Касцёл – месца, дзе яны могуць развіваць у служэнні іншым свае таленты і ўменні.
У праграме сустрэчы была і праца ў групах, якая таксама давала ўдзельніцам магчымасць паразважаць над месцам жанчыны ў супольнасці Касцёла ў сучасным свеце.
Акрамя таго, праграма ўключала індывідуальную начную адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, малітву літургіі гадзін, святую Імшу, час на асабістыя размовы, танцы, прагляд і абмяркоўванне фільма.

Адна з удзельніц сустрэчы распавядае: “У гэты раз я адчула, наколькi нашыя сустрэчы дапамагаюць кожнай з нас развівацца як асобе. Новая iнфармацыя, разважаннi на розныя тэмы, выказванне свайго меркавання, магчымасць паспрабаваць стварыць нешта новае. Гэтыя рэкалекцыi не даюць нам забыць, што, акрамя таго што мы мамы i жонкi, мы яшчэ i Асобы, якiя могуць не толькі думаць, абмяркоўваць, але і знаходзiць вырашэннi многiх задач”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
