
12 лістапада парафія ў Сапоцкіне адзначыла адпустовую ўрачыстасць у гонар свайго нябеснага апекуна св. Язафата Кунцэвіча, літургічны ўспамін якога прыпадае на гэты дзень.
Святую Імшу цэлебраваў біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч.
Пробашч кс. Антоні Абухоўскі, вітаючы прысутных парафіян і духавенства, адзначыў, што Язафат Кунцэвіч прысвяціў сваё жыццё справе адзінства хрысціян, і ў сувязі з гэтым заклікаў да малітвы за адзінства і мір паміж усімі народамі і ў кожнай сям’і.
Біскуп у гаміліі засяродзіў увагу на асобе святога Язафата, нагадаўшы, што гэты біскуп і мучанік быў руплівым душпастырам, які нястомна абввяшчаў Евангелле, і апосталам адзінства Касцёла.
Іерарх падкрэсліў, што мучаніцкая смерць святога была своесаблівым вянцом яго цудоўнага жыцця, цалкам прысвечанага справе адзінства хрысціян. “Кожны дзень жывучы ў асяроддзі хрысціян, падзеленых на розныя вызнанні, бачачы праявы ўзаемнай нянавісці, непрыязні і нават варожасці, ён разумеў, наколькі важнай задачай з’яўляецца будаўніцтва адзінства сярод тых, каго злучае вера ў аднаго Бога і Яго Сына Езуса Хрыста”, – сказаў біскуп.
Ён дадаў, што і сёння важна прасіць Пана аб ласцы перамагчы ганарлівасць, амбіцыі і эгаізм і аб адвазе шукаць шляхі адзінства і міру.
Біскуп заахвоціў вернікаў будаваць мір у сваіх сем’ях, у месцах сваёй працы і вучобы, у парафіях, іншых супольнасцях і ва ўсім грамадстве.
“Няхай святы Язафат выпрасіць для нас ласку бачыць брата і сястру ў кожным чалавеку і заўсёды шукаць не тое, што падзяляе нас, а тое, што яднае”, – пажадаў іерарх.
Урачыстасць завяршылася адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту і літаніяй да нябеснага апекуна парафіі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
