
З 7 па 9 лістапада пры парафіі св. Арханёла Міхала ў Навагрудку ў пяты раз прайшоў малітоўны кангрэс у абарону жыцця і сям’і.
Кангрэс быў арганізаваны дабрачынным фондам “Адкрытыя сэрцы” і навагрудскай парафіяй. Мэтай яго правядзення было пакаянне за грахі беларускага народа супраць ненароджанага жыцця і традыцыйных хрысціянскіх сямейных каштоўнасцяў.
Арганізатары кангрэса адзначаюць: “У нашай краіне з 18 лістапада 1920 года легальна забіваюцца дзеці ва ўлонні маці. Кожны дзень у Беларусі толькі з прычыны абортаў гінуць больш за 50 хлопчыкаў і дзяўчынак, не кажучы пра знішчэнне эмбрыёнаў праз спіралі, гарманальныя сродкі і падчас ЭКА. Таму ў наш час асаблівым чынам “неабходная вялікая малітва за жыццё, якая ідзе праз увесь свет” (святы Ян Павел ІІ, Evangelium Vitae, 100)”.
На кангрэсе сабраліся актывісты руху ў абарону жыцця, члены сямейных малітоўных рухаў, вернікі, якія практыкуюць духоўнае ўсынаўленне (малітву за ненароджаных на працягу дзевяці месяцаў), тыя, хто захацеў прычыніцца да справы абароны жыцця і сям’і, духавенства і кансэкраваныя асобы. Літургіі ў межах кангрэса цэлебравалі біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй і біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Імшу ў першы дзень кангрэса цэлебраваў біскуп Алег Буткевіч. Пасля літургіі ўдзельнікі ўсю ноч трывалі на адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту ў iнтэнцыi перапрашэння Бога за грaхi cупраць жыцця i сям’i.
На наступны дзень у межах кангрэса адбылася пілігрымка пакаяння з Навагрудка ва Уселюб, у якой удзельнічалі ў агульнай колькасці каля 80 чалавек. Удзельнікі неслі белыя крыжы — сімвал дзяцей, забітых ва ўлонні сваіх маці.
Вечарам у навагрудскім касцёле адбылася Імша ў інтэнцыі абароны жыцця, у цэлебрацыі якой удзельнічалі біскупы Уладзімір Гуляй і Алег Буткевіч.
У пачатку літургіі біскуп Гродзенскі выказаў удзельнікам кангрэса падзяку “за малітву, за сведчанне веры і любові да чалавека”. “У наш час, калі жыццё так часта знаходзіцца пад пагрозай, калі многія губляюць здольнасць бачыць у кожным чалавеку вобраз і падабенства Бога, ваша справа, дарагія сябры, мае асаблівае значэнне. Вы робіце вельмі важную і святую справу – служыце жыццю, несучы святло Евангелля ў сэрцы людзей і ў грамадства, – сказаў іерарх. – Будзем прасіць сёння Пана Бога, каб Ён благаславіў усіх, хто працуе ў гэтым напрамку – у медыцыне, у адукацыі, у грамадскім жыцці і ў Касцёле”.
У канцы літургіі біскуп Гродзенскі прамовіў Акт пакаяння беларускага народа за грахі супраць жыцця і сям’і. Звяртаючыся да прысутных, ён адзначыў: “Кожны з нас нясе адказнасць за жыццё. Мы жывём у час, калі трэба зноў і зноў гаварыць пра праўду, якую свет спрабуе замаўчаць: што чалавечае жыццё пачынаецца з моманту зачацця і павінна шанавацца да апошняга ўздыху”.
“У нашай Айчыне яшчэ шмат сэрцаў, адкрытых на Божы закон любові. Мы бачым сем’і, якія, нягледзячы на цяжкасці, з верай і даверам прымаюць новае жыццё. Мы бачым моладзь, якая шукае сэнс, святло і не хоча жыць у ценю смерці і абыякавасці. Мы бачым святароў, манахаў, катэхетаў, якія вучаць дзяцей любові да жыцця. І гэта знак надзеі! Бо там, дзе жыццё шануецца, там прысутнічае Бог, там ёсць будучыня, там квітнее чалавечнасць”, – сказаў біскуп.
“Сёння мы молімся таксама за тых, хто страціў сэнс, хто перажывае спакусу адчаю, хто баіцца прыняць дзіця або жыццё ў слабасці, старасці ці хваробе. Хрыстус, які сам стаў Дзіцем, прыняў чалавечую прыроду і пакуту, разумее кожны страх і кожную боль. Ён прыходзіць, каб прынесці супакой і надзею”, – дадаў іерарх.
Таксама біскуп Уладзімір Гуляй выступіў на кангрэсе з дакладам “Марыя – Маці жыцця. Марыя на служэнні Евангеллю жыцця”. У дакладзе ён адзначыў: “Працэдура аборту – не лічачы кантрацэпцыі, экстракарпаральнага апладнення і падобных эксперыментаў, падчас якіх знішчаецца велізарная колькасць чалавечых эмбрыёнаў, – статыстычна дасягае маштабаў генацыду. З моманту легалізацыі абортаў у 1973 годзе такім чынам былі страчаны мільярды чалавечых жыццяў!
Фізічныя, псіхалагічныя, маральныя, духоўныя і сацыяльныя наступствы абортаў, а таксама кантрацэпцыі, глыбока парушаюць цэласнасць чалавечай асобы, разбураючы яе знутры, негатыўна ўплываючы на яе адносіны ў сям'і і на яе функцыянаванне ў свеце. Гэта трагедыя для многіх жанчын, лекараў і блізкіх. Забойства праз аборт або эўтаназію ў канчатковым выніку прыводзіць да дэградацыі цэлых грамадстваў. У такой драматычнай барацьбе паміж дабром і злом, праўдай і хлуснёй, жыццём і смерцю толькі чалавечых дзеянняў недастаткова. Неабходныя Божая сіла, сіла міласэрнасці і Божая абарона”.
“Усе гэтыя сілы можна атрымаць ад Марыі: Памочніцы, Заступніцы, Пасрэдніцы, Апякункі, Маці і Абаронцы жыцця”, – падкрэсліў біскуп і нагадаў, што ў 1999 годзе Ян Павел ІІ падчас пілігрымкі ў Мексіку даручыў жыцці ненароджаных дзяцей Маці Божай у вобразе Панны Марыі Гвадэлупскай. Біскуп дадаў, што “выдатныя прыхільнікі руху за жыццё звычайна з’яўляюцца гарачымі прыхільнікамі Маці Божай, якія ўсведамляюць эсхаталагічнае вымярэнне барацьбы за жыццё і неабходнасць рэалізоўваць усе ініцыятывы на падмурку малітвы і пакорнага даверу Богу праз Марыю”.
Апошні дзень кангрэса быў прысвечаны малітве і выступленням, якія датычыліся выхавання дзяцей, айцоўства, пераадолення духоўных крызісаў і пагроз для сям’і.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
