Skip to main content

У гродзенскай парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай прайшлі “Канікулы з Богам” для дзяцей

baranowicze 32

З 3 па 6 жніўня ў гродзенскай парафіі благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай прайшлі “Канікулы з Богам” для дзяцей.

Канікулы праходзілі пад дэвізам “Пілігрымы надзеі”, пад якім у Каталіцкім Касцёле праходзіць Юбілейны 2025 год. Арганізоўваць іх дапамагалі бацькі і моладзь. На канікулах сабралося каля 80 дзяцей.

Штодзённая праграма ўключала канферэнцыю, працу ў групах, сцэнічныя пастаноўкі. Дзеці мелі магчымасць пазнаёміцца з асобай Абрагама і яго верай, даведацца пра жыццё Панны Марыі і падумаць, чаму можа ў Яе навучыцца сучасны чалавек, паразважаць над гісторыяй Ноя, які пабудаваў каўчэг па загадзе Бога.

Быў час таксама на гульні, забавы, зносіны. Галоўным момантам кожнага дня была святая Імша, якую цэлебраваў пробашч парафіі кс. канонік Юрый Марціновіч.

Акрамя таго, у межах канікул дзеці наведалі гродзенскую катэдру св. Францішка Ксаверыя. Там яны пабывалі ва ўрачыстасць Маці Божай Кангрэгацкай, у гэтым касцёле захоўваецца Яе цудадзейны абраз – сёлета адзначаецца 320-годдзе з часу яго прыбыцця туды і 20-годдзе з часу ўскладання на яго папскіх карон. Дзеці маліліся перад абразом Ружанец, маючы магчымасць даручыць Богу свае інтэнцыі.

baranowicze 41

Арганізатары канікул спадзяюцца, што гэты час пакіне ў сэрцах малодшых парафіян след, які будзе садзейнічаць, каб іх жыццё было напоўнена Богам і павагай да бліжняга.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Артур Антушэвіч