Skip to main content

Арцыбіскуп Станеўскі віншуе ўсіх матуль Беларусі з Днём маці

2021 10 15 abp 003 1

14 кастрычніка, калі ў нашай краіне адзначаецца Дзень маці, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, віншуе ўсіх матуль са святам.

Дарагія нашы матулі!

Сёння, у ваша свята, я вас віншую і шчыра дзякую вам за вашу пяшчоту і любоў, за перададзены дзецям Божы дар жыцця, за недаспаныя ночы і мацярынскую малітву, за самую дарагую ў свеце ўсмешку, якая асвятляе жыццёвы шлях кожнага чалавека.

Усе мы сваім існаваннем абавязаны маці. Яна нарадзіла нас з любові. Немаўлятка разумее маці без словаў, бязмежна ёй давярае, адчувае тое самае, што адчувае яна, бо маці часцей за ўсё размаўляе сэрцам. Маці хавае ад дзіцяці боль, клопаты, турботы.

Роля маці асаблівая і ўзнёслая, а матуліна імя — самае прыгожае з усіх.

У самім гучанні слова «мама» — першыя ўспаміны з маленства, юнацкія прыгоды, бесклапотныя, светлыя і радасныя пачуцці. У ім безліч мар, слёз і ўсмешак, бур і сонца. Яно мае пах старой пахілай хаты, дзе сцены шэпчуць малітву. А калі хтосьці хоча адным словам выказаць самыя моцныя пачуцці, не знойдзе іншага, як толькі слова МАМА.

Любыя мамы, сёння, у ваша свята, мы абдымаем вас сваёй любоўю і дабрынёй, дзякуем за нялёгкую працу, ахвярнасць, усмешку, любоў і чулае матчына сэрца. Жадаем вам Божага благаслаўлення на ўсе дні вашага жыцця праз заступніцтва нашай Нябеснай Маці Марыі. Здароўя вам і шчасця!

Калі мы хочам, каб сённяшні дзень стаў лепшым, нам патрэбная малітва маці і за маці: за жывых і за тых, якія благаслаўляюць нас з нябёсаў.

З дарам сыноўскай малітвы,

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Паводле Catholic.by