10-11 кастрычніка ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Суцяшальніцы засмучаных у Барунах (Ашмянскі дэканат) прайшлі адпустовыя ўрачыстасці. Нагодай да іх правядзення стала гадавіна ўскладання карон на цудадзейны барунскі абраз.
Ускладанне карон адбылося 12 кастрычніка 2024 г., яго здзейсніў біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч, які год таму прыняў адпаведнае рашэнне.
Адпустовым урачыстасцям папярэднічала навэнна, якая праходзіла ў санктуарыі на працягу дзевяці тыдняў і ў межах якой дзякавалі Богу за ўскладанне карон, маліліся аб неабходных духоўных дарах, за сем’і, дзяцей, моладзь, нашу краіну, Гродзенскую дыяцэзію і ўвесь Касцёл на Беларусі.
Святую Імшу, якой завяршыліся адпустовыя ўрачыстасці, цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. У літургіі ўдзельнічалі сярод іншых святароў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, а таксама кансэкраваныя асобы і пілігрымы з розных месцаў Беларусі.
Кусташ санктуарыя кс. Павел Паўлюкевіч, вітаючы прысутных, з радасцю адзначыў, што культ Маці Божай Барунскай з кожным годам развіваецца і да Яе прыбываюць шматлікія пілігрымы.
Біскуп Гродзенскі ў пачатку літургіі сказаў, што “кожны, хто прыходзіць у Баруны, –“пілігрым сэрца”. У гаміліі ён адзначыў, што ў позірку Маці Божай Суцяшальніцы засмучаных “людзі знаходзяць спакой пасля штодзённай барацьбы, веру пасля сумнення, надзею пасля страты”.
Ускладанне карон на барунскі абраз біскуп назваў “не толькі ўрачыстым актам, але і глыбокім духоўным момантам, бо кожнае такое ўскладанне карон – прызнанне таго, што Марыя – наша Каралева, наша Маці, наша Суцяшальніца”.
Па словах біскупа, Панна Марыя “заўсёды была побач з Божай Мудрасцю – прысутнасцю Бога, якая ахоплівае ўсё стварэнне”, “спазнала глыбіню Божай Мудрасці і таму стала Маці Суцяшэння, бо толькі сапраўдная Мудрасць можа прынесці сапраўдны супакой”.
Яшчэ адной таямніцай суцяшэння іерарх назваў тое, што Бог дзякуючы свайму нараджэнню з Панны Марыі “не застаўся далёкім, а стаў нашым братам”. “не пагарджае чалавечымі слабасцямі, а ўваходзіць у іх праз улонне жанчыны, каб зрабіць святымі кожнае мацярынскае ўлонне, кожную сям’ю, кожнае чалавечае жыццё”.
“Марыя – знак таго, што Бог не пакідае нас у нашай зямной рэальнасці. Ён прыходзіць праз Яе, каб быць побач. Таму, калі нам цяжка, калі мы страчваем сілы, калі здаецца, што свет абыякавы да нашага болю, трэба ўспомніць: Марыя прынесла ў свет Езуса Хрыста – Суцяшэнне, якое не мае канца”, – падкрэсліў біскуп.
Адведзіны Паннай Марыяй Альжбеты, пра якія гаварылася ў літургічным чытанні гэтага дня, іерарх назваў “першай пілігрымкай любові ў гісторыі чалавецтва”. “У той момант Марыя ўжо носіць у сабе Божага Сына – і ўсё ж не засяроджваецца на сабе. Яна ведае: атрыманую радасць трэба падзяляць з іншымі, – патлумачыў біскуп. – Калі Альжбета пачула вітанне Марыі, дзіця ўзрадавалася ў яе ўлонні – бо туды, куды прыходзіць Марыя, заўсёды прыходзіць жыццё, радасць, супакой. Тут адкрываецца сапраўдны сэнс Суцяшэння: не толькі атрымаць яго, але і несці іншым. Маці Божая Суцяшэння вучыць нас, што найвялікшая радасць – у служэнні”.
Біскуп нагадаў, што з 13 па 26 кастрычніка ў Беларусі праходзіць Тыдзень бацькоўскай любові.
У сувязі з гэтым ён адзначыў: “Калі дзіця плача – маці прыходзіць, бярэ яго на рукі, гладзіць і кажа: “Не бойся, я з табою”. Гэта і ёсць вобраз Бога – бо Ён таксама так суцяшае нас праз Марыю, праз Касцёл, праз тых, каго ставіць побач”.
“Калі мы чуем слова “суцяшэнне”, часам думаем, што гэта нешта мяккае, слабое, як утаймаванне эмоцый. Але сапраўднае суцяшэнне, якое прыходзіць ад Бога, мае сілу, яно здольнае ўзняць чалавека з праху, адрадзіць яго душу. Маці Божая Суцяшэння прыходзіць не для таго, каб сказаць: “Не плач, усё добра”, а каб сказаць:
“Плач, але не адзін. Плач са Мною, і Я разам з табой прынясу гэты боль да Майго Сына”, – патлумачыў біскуп.
Па яго словах, Маці Божая Суцяшэння “вучыць не ўцякаць ад крыжа, не адкідваць яго, а дазволіць Богу быць побач з табой пад гэтым крыжам”, “гэта не Маці, якая здымае ўсе праблемы, а Маці, якая стаіць пад крыжам, глядзіць на пакуты Сына, не ўцякае, не адварочваецца, а застаецца, таму разумее кожнага чалавека, які пакутуе”. “Суцяшэнне, якое дае Марыя, не павярхоўнае, а глыбокае, якое ідзе з сэрца Бога. Сапраўднае суцяшэнне не ў словах, а ў прысутнасці. Маці Божая Суцяшэння – гэта тая, якая проста ёсць. Калі чалавек прыходзіць да Яе абраза, ён адчувае: Яна побач”, – сказаў біскуп.
Акрамя таго, дадаў ён, Маці Суцяшэння вучыць, што “сапраўдная сям’я – не ідэальная, а верная, тая, дзе ёсць крыж і цяжкасці, але таксама ёсць вера і давер”, і што “суцяшэнне ніколі не бывае эгаістычным, нельга атрымаць яго толькі для сябе: калі Бог цябе суцешыў, ты становішся суцяшэннем для іншых”.
Звяртаючыся ў малітве да Маці Божай Барунскай, іерарх папрасіў: “Беражы дзяцей, умацоўвай бацькоў, суцяшай самотных, узнімай стомленых, дай мір у сэрцы і ў краіне. Няхай праз Тваё заступніцтва мы знойдзем шлях да сапраўднай радасці, да любові, якая не праходзіць, да святасці, якая прыносіць плод вечнага жыцця”.
Урачыстасці завяршыліся эўхарыстычнай працэсія вакол барунскага касцёла. Затым ва ўдзельнікаў была магчымасць памаліцца перад абразом.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі