З Ліды была здзейснена пешая пілігрымка на ўрачыстасці 82-й гадавіны мучаніцкай смерці благаслаўлёных сясцёр назарэтанак, якія адзначаліся 31 ліпеня – 1 жніўня ў Навагрудку.
Пілігрымка праходзіла ў другі раз, вырушыла з лідскай парафіі св. Юзафа, Рамесніка, і благаслаўлёных назарэтанак-мучаніц.
Удзельнікі пілігрымкі распавялі пра яе так: “Хоць час нашага вандравання быў непрацяглы – усяго толькі два дні, – аднак вельмі багаты на розныя падзеі. Па-першае, гэта быў час, калі мы маглі ў чарговы раз атрымаць досвед супольнасці Касцёла, калі амаль незнаёмыя людзі могуць разам маліцца, разважаць, спяваць і весяліцца, праслаўляючы Хрыста Пана. Па-другое, гэта быў час, калі мы на прыкладзе благаслаўлёных мучаніц з Навагрудка мелі магчымасць прынамсі паспрабаваць зразумець, што такое святасць і як яе дасягнуць. І апошняе – улічваючы сёлетнія ўмовы надвор’я і розныя іншыя цяжкасці, мы зразумелі, што калі мець добрую волю і шчырае жаданне, то з Божай дапамогай усё атрымаецца. Так што запрашаем усіх у наступным годзе крочыць разам з намі!”
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Людміла Віхаценка