2 жніўня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Езуса Журботнага ў Росі (Ваўкавыскі дэканат) адбылася ўрачыстая Імша на чале з біскупам эмерытам Аляксандрам Кашкевічам для пілігрымаў, якія сабраліся там у гэты дзень.
У старадаўнюю святыню, дзе знаходзіцца славутая ласкамі фігура Езуса Журботнага, прыйшлі наступныя пешыя пілігрымкі: з Гродна на чале з кс. канонікам Юрыем Марціновічам, якая адбылася ў 23-і раз, праходзіла пад дэвізам “Пілігрымы надзеі” і ў якой удзельнічала больш за 300 чалавек; з Мастоў на чале з дэканам Мастоўскага дэканату кс. Віктарам Ханько, якая адбылася ў дзявяты раз; з Ваўкавыска на чале з кс. Андрэем Белаблоцкім, праведзеная ўпершыню пасля перапынку, выкліканага пандэміяй каранавірусу. Таксама прыбылі ў індывідуальным парадку пілігрымы з бліжэйшых мясцін, шмат людзей прыехала на ўласным транспарце.
Кусташ санктуарыя кс. канонік Чэслаў Паўлюкевіч прывітаў пілігрымаў, акрапіўшы іх асвячанай вадой пры ўваходзе ў касцёл.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч на літургіі маліўся за ўсіх прысутных, найперш за тых, хто прыйшоў у пешых пілігрымках. Удзельнікі Імшы, якіх было сёлета вельмі шмат, маліліся ў сваіх інтэнцыях.
Звяртаючыся да прысутных, біскуп сказаў, што гэты санктуарый прыцягвае людзей рознага ўзросту сваім спакоем, цішынёй і выключнасцю, што там можна адчуць мір у сэрцы і знайсці страчаную надзею.
Па словах біскупа, гэтае месца – своеасаблівы духоўны санаторый, дзе, адарваўшыся ад штодзённых клопатаў, чалавек можа адпачыць ля Бога і атрымаць духоўныя сілы, патрэбныя для таго, каб ісці праз жыццё.
Ад імя біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя іерарх падзякаваў усім пілігрымам за сведчанне веры і любоў да Бога і Касцёла. Ён пажадаў, каб гэтае пілігрымаванне прынесла шчодры плён у іх жыцці.
Таксама біскуп выказаў кусташу санктуарыя падзяку за цёплы прыём і гасціннасць.
Пасля Імшы была магчымасць індывідуальнай малітвы, затым адбыліся адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і канферэнцыя.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Артур Антушэвіч