13 жніўня ў касцёл у Любчы, які належыць да навагрудскай парафіі св. Міхала Арханёла, былі ўнесены рэліквіі святой Марыі ад Езуса Укрыжаванага (Марыям Баўардзі, Маленькай арабкі).
Урачыстае ўнясенне здзейснілі манах кармэліт а. Аляксандр Стока з Мядзела і манахіня кармэлітка з Гродна с. Алетэя. Сустрэць рэліквіі сабраліся на ўездзе ў Любчу шматлікія вернікі і госці, сярод якіх былі і мясцовыя вернікі праваслаўнага веравызнання.
Пасля сустрэчы рэліквій прысутныя ўрачыстай працэсіяй пад спеў гімнаў праслаўлення і акампанемент духавога аркестра прайшлі да касцёла Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і Марыі ад Езуса Укрыжаванага, дзе адбылася Эўхарыстыя.
У гаміліі а. Аляксандр Стока засяродзіў увагу на вельмі пакутніцкай гісторыі жыцця Маленькай арабкі і тым, што яе сэрца было заўсёды напоўнена любоўю і ўдзячнасцю да Езуса. Яна здзяйсняла асаблівае набажэнства да Духа Святога, таму некаторыя яе называюць Яго асаблівай сяброўкай.
Пасля Імшы вернікі маглі ўшанаваць рэліквіі гэтай вялікай святой, у асобе якой маюць заступніцу мясцовага касцёла і самой Любчы.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі