Паpафіяльнае свята ў гонар Маці Божай Нястомнай Дапамогі адзначылі 27 чэрвеня ў Карэлічах.
Як паведамляе сайт Ордэну паўлінаў у Беларусі, у гэты дзень на адпустовай святой Імшы, якую цэлебраваў у карэліцкай парафіі пробашч з Наваельні кс. Алег Жураўскі, сабралося мноства вернікаў з розных гарадоў і навакольных вёсак.
Гамілію прамовіў кс. Андрэй Пышынскі, звярнуўшы ў ёй увагу на важнасць марыйнага набажэнства ў духоўным жыцці кожнага веруючага хрысціяніна.
Сярод прысутных на ўрачыстасці гасцей былі святары з суседніх парафій.
На заканчэнне літургіі Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек у прамове да вернікаў прадставіў гісторыю іконы Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў дзеях Грэка-Каталіцкай Царквы ў нашай краіне.
Імша скончылася Эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла і благаслаўленнем вернікаў Найсвяцейшым Сакрамэнтам.
Пробашч парафіі а. Ежы Саковіч OSPPE сардэчна падзякаваў усім за прыбыццё на ўрачыстасць, за прыгожы спеў, малітвы і радасць.
З маленькіх парафіян тыя, хто ўпершыню прыступіў да святой Камуніі год таму, адзначылі гадавіну яе прыняцця, а ў тых, хто прыняў яе сёлета, распачаўся Белы тыдзень.
Удзельнічаючы ў адпустовай урачыстасці, вернікі хацелі падзякаваць за ўсе ласкі, атрыманыя ад Бога праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, а таксама папрасіць у Пана благаслаўлення ў сваім жыцці і працы.