Skip to main content

20-годдзе з часу аднаўлення капліцы св. Філамены адзначылі ў Варонe на Астравеччыне

varona 6211 жніўня ў капліцы ў Вароне на Астравеччыне ўпершыню пасля вяртання яе гістарычнага тытулу адбылася адпустовая ўрачыстасць у гонар св. Філамены.

У гэты дзень таксама адзначылі 20-годдзе з часу аднаўлення гістарычнай капліцы. У савецкія часы яна была зачынена для вернікаў і выкарыстоўвалася як зернясховішча. Дзякуючы намаганням былога пробашча, ксяндза дэкана Здзіслава Пікулы SDB, капліца была вернута вернікам i адрамантавана.

На той момант ёй памылкова быў дадзены тытул святога Юрыя, апекуна парафіі ў Варнянах, да якой належала капліца. Праз 20 гадоў сённяшні пробашч парафіі ксёндз Віктар Захарэўскі і вернікі адшукалі пацвярджэнне, што гэтая капліца з першых сваіх дзён мела тытул святой Філамены.

На юбілейнай урачыстасці сабраліся шматлікія парафіяне і госці парафіі, прысутнічалі святары Астравецкага дэканату на чале з дэканам кс. канонікам Юзафам Багдзевічам і святары Смаргонскага дэканату.

Перад брамай вернікі згодна са старадаўнім звычаем прывіталі пастыра дыяцэзіі біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча хлебам і соллю. Наймалодшыя парафіяне падарылі іерарху кветкі, а затым з радасцю запусцілі ў неба паветраныя шарыкі.

varona 51

Біскуп благаславіў фігуру Найсвяцейшага Сэрца Езуса і акрапіў вернікаў асвячанай вадой, пасля чаго распачалася ўрачыстая Імша падзякі, якую ўзначаліў іерарх.

На Эўхарыстыі асаблівым чынам узносілі да Бога просьбы за ўсіх, хто прычыніўся да ўзвядзення капліцы, аднаўляў яе і хто сёння ў ёй моліцца.

Пробашч ксёндз Віктар Захарэўскі прывітаў усіх прысутных гасцей, выказаўшы радасць, што ў гэты дзень пажадала супольна маліцца так шмат людзей.

У гаміліі сакратар біскупа Гродзенскага ксёндз Юрый Марціновіч адзначыў, што апякунка капліцы святая Філамена, трынаццацігадовая мучаніца, – прыклад чысціні і вернасці Пану Богу i што кожнаму з нас трэба імкнуцца быць падобным да яе. “Сёння мы можам смела сказаць, што святая Філамена – апякунка нашых часоў, хоць і жыла стагоддзі таму”, – падкрэсліў святар.

Ксёндз Юрый Марціновіч дадаў, што кожны чалавек мае столькі патрэб і просьбаў, якія хацеў бы прадставіць Пану Богу, сказаць, каб Ён пажадаў нас пачуць і выслухаць. “І менавіта таму Касцёл ставіць на нашым шляху святую Філамену, маленькую дзяўчынку, якая стала вялікім прыкладам вернасці Хрысту і прыпадобнілася да Яго не толькі духоўна, але і фізічна, пакутуючы за свайго Нябеснага Абранніка”, – адзначыў прэс-сакратар Гродзенскай курыі.

Імша завяршылася працэсіяй вакол капліцы, пасля чаго парафіяне падзякавалі біскупу Гродзенскаму за знойдзены час і цэлебрацыю, а таксама за прынятае год таму рашэнне прызначыць пробашчам ксяндза Віктара Захарэўскага.

varona 63

Удзел у святой Імшы прыняў таксама старшыня Варнянскага сельскага выканаўчага камітэту Аляксандр Вярбовіч, які ў сваім слове падзякаваў усяму духавенству на чале з біскупам Гродзенскім за адраджэнне і захаванне святынь i за духоўнае выхаванне грамадзян.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне, падсумоўваючы ўрачыстасць, выказаў словы ўдзячнасці рупліваму пробашчу, які прыкладае шмат намаганняў, каб Божы дом выглядаў як найлепей і быў напоўнены вернікамі, якія па прыкладзе сваёй новай апякункі святой Філамены хочуць жыць з Богам і пастаянна імкнуцца да святасці.

Біскуп падзякаваў варнянскім парафіянам за іх вялікую веру, прывязанасць да Касцёла і павагу да духавенства, што можна было заўважыць і падчас гэтай урачыстасці.

Вернікі рыхтаваліся да ўрачыстасці загадзя. Яны прывялі ў парадак тэрыторыю каля капліцы, упрыгожылі саму святыню, на прывітанне свайго пастыра выклалі дываны, а на іх кветкі са сваіх садоў.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі