Skip to main content

Памяць бл. Мар’яны Бярнацкай і іншых мучанікаў Другой сусветнай вайны ўшанавалі ў Навумавічах

naumowicze 3417 ліпеня ў Навумавічах каля Гродна адзначылі чарговую гадавіну мучаніцкай смерці благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай, духавенства і жыхароў Гродна і Ліпска, расстраляных гітлераўцамі 13-16 ліпеня 1943 г.

Святую Імшу ўзначаліў генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.

У гаміліі іерарх, звяртаючыся да ўсіх прысутных, сказаў, што яны стаяць нa зямлі, акропленай крывёю мучанікаў, i прыходзяць на гэтае месца, каб яшчэ раз дакрануцца да падзей мінулага.

“Тут было жыццё, тут нашыя продкі закладалі падмурак для дома жыцця. Тут былі планы і надзеі. Бо тут наша і нашых нашчадкаў абяцаная зямля”, – дадаў біскуп.

Як заўважыў іерарх, тут, аднак, і “ненавідзелі жыццё, чалавека як Божае стварэнне і вобраз, i гэта месца смяротнага пакарання, дзе чалавек забіваў чалавека”.

naumowicze 43

“Праз пакаленні прамаўляюць да нас сёння мучанікі гэтага месца. Няхай вам будзе вядома, кажуць яны: зло мае сваю мяжу. Мяжой, за якой зло губляе сваю сілу, з’яўляецца таямніца Адкуплення Хрыста. У канчатковым рахунку будзе перамога Бога над злом. Перамога, мерай якой з’яўляецца крыж і ўваскрасенне Хрыста”, – адзначыў дапаможны біскуп дыяцэзіі.

Біскуп падкрэсліў, што на гэтым месцы, гродзенскай Галгоце, узвышаецца Крыж Езуса Хрыстa, і хоць здаецца, што Даўца жыцця памёр, Ён і сёння жывы і ззяе хвалой.

“Менавіта гэта мы хочам зразумець і растлумачыць свету, прыходзячы на гэтае месца. Мы верым, што яны не памерлі, паміраючы, але аддалі жыццё ў ахвяру за сясцёр і братоў сваіх. Між імі i благаслаўлёная Мар’яна Бярнацкая”, – сказаў іерарх.

Па словах біскупа, мучанікі нашай зямлі звяртаюцца да сэрцаў людзей, заклікаючы: “Паверце, што Бог ёсць любоў! Абудзіце ў сабе надзею! І няхай гэтая надзея прынясе ў вас плён вернасці Богу ва ўсялякім жыццёвым выпрабаванні!”

Вернікі, якія наведалі ў гэты дзень навумавіцкія Фарты, маліліся, каб Бог захаваў свет ад войнаў, голаду, агню i эпідэміi, каб ніколі больш не паўтараліся такія падзеі, калі ў нявіннага чалавека адбіраецца найвялікшы дар, які ён мае, – жыццё.

Адбывалася малітва за нашу краіну, каб у ёй панаваў жаданы мір, і за ўсе сем’і, каб яны на ўзор благаслаўлёнай Мар’яны былі здольныя на ўзаемнае служэнне, самапрысвячэнне і ахвяру.

Як адзначаюць гісторыкі, у агульных магілах на Фартах знайшло спачын больш за тры тысячы чалавек, найперш эліты грамадства: інтэлігенцыя, дзяржаўныя кіраўнікі, духавенства, грамадскія дзеячы.

Там была расстраляна таксама Мар’яна Бярнацкая, якая была беатыфікавана 13 чэрвеня 1999 г. Янам Паўлам ІІ у Варшаве сярод 108 мучанікаў Другой сусветнай вайны. Смерць як заложнікі прынялі і трое гродзенскіх святароў: капелан сясцёр назарэтанак і прэфект школ кс. Юстын Скакоўскі, вікарый фарнай парафіі кс. Казімір Шыпіла і гвардыян гродзенскага кляштара францішканін а. Дыянізій Клімчак.

У Навумавічах знайшлі спачын таксама гродзенскі віцэ-прэзідэнт Раман Савіцкі, выбітны біёлаг і заснавальнік гродзенскага заапарку Ян Каханоўскі, выкладчыкі настаўніцкай гімназіі Юзаф Ванатоўскі, Францішак Данько, Зыгмунт Мразоўскі і многія іншыя.

Кс. Юрый Марціновіч