Skip to main content

23 чэрвеня распачынаецца Навэнна да Маці Божай Будслаўскай

wr 960З 23 чэрвеня па 1 ліпеня праходзіць адмысловая дзевяцідзённая малітва — Навэнна да Маці Божай Будслаўскай у інтэнцыі хутчэйшай адбудовы пашкоджанага пажарам Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе.

Зварот біскупа Аляксандра Яшэўскага
аб малітоўнай падтрымцы дзеля аднаўлення будслаўскай святыні
Паважаныя біскупы, святары, кансэкраваныя асобы, свецкія вернікі і ўсе людзі добрай волі!

У межах малітоўнай падтрымкі дзеля аднаўлення будслаўскай святыні Камісія па ліквідацыі наступстваў надзвычайнай сітуацыі і аднаўлення Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай прапануе правесці ва ўсіх парафіях Мінска-Магілёўскай мітраполіі, якая ўключае ў сябе ўсе дыяцэзіі Беларусі, Навэнну да Маці Божай Будслаўскай.

Навэнна ў інтэнцыі хутчэйшай ліквідацыі наступстваў пажару, а таксама духоўнай падрыхтоўкі да святкавання сёлетняга агульнабеларускага фэсту ў гонар Маці Божай Будслаўскай пад дэвізам «Маці Касцёла, маліся за нас», распачынаецца 23 чэрвеня і завяршаецца 1 ліпеня.

Нацыянальны санктуарый з’яўляецца асаблівым месцам ушанавання Маці Божай Будслаўскай, якая шмат стагоддзяў заступаецца за нас перад Богам у гэтым святым, абраным Ёю месцы — звычайным беларускім мястэчку Будславе.

Шматлікія вернікі Каталіцкага Касцёла і іншых канфесій перажылі ў гэтай святыні дотык Божай міласэрнасці праз заступніцтва Багародзіцы.

Дзякуем усім дабрачынцам за ахвяраваныя сродкі на адбудову Нацыянальнага санктуарыя, аднак памятаем, што адных толькі фінансаў недастаткова. У Святым Пісанні чытаем: «Калі Пан не будуе дом, то будаўнікі працуюць дарэмна» (Пс 127 (126), 1), таму ў гэтай Навэнне будзем прасіць міласэрнага Пана, каб дапамог як мага хутчэй аднавіць нашу галоўную святыню — Яго святыню.

Падтрымаем жа гэтую пачэсную справу аднаўлення санктуарыя нашай супольнай або індывідуальнай дзевяцідзённай малітвай — навэннай да Маці Божай Будслаўскай.

З пастырскім благаслаўленнем і просьбай аб заступніцтве Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі

Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB

Старшыня Камісіі

Тэкст Навэнны для друку ТУТ>>>

 Тэкст Навэнны  на польскай мове для друку ТУТ>>>