Сустрэча моладзі дыяцэзіі адбылася ў Тракелях
20-21 жніўня ў санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях адбылася сустрэча моладзі Гродзенскай дыяцэзіі пад дэвізам “Марыя паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды”.
У санктуарыі сабралося каля 200 маладых людзей з розных куткоў дыяцэзіі. Пасля вялікага перапынку ў сувязі з пандэміяй гэта была першая падобная сустрэча.
Дні ў яе межах былі напоўнены малітвамі, адарацыямі, была забаўляльная праграма і канцэрт гурта “Open”.

Віктар Салдацэнкабыў на мерапрыемстве першы раз, ён прыехаў з гродзенскай парафіі Маці Божай Міласэрнасці (Аўгустовак). Хлопец падзяліўся ўражаннямі: “Больш за ўсё спадабалася начная адарацыя, калі Пан Езус знаходзіўся каля нас. Неверагодная атмасфера: кранальнае разважанне, спевы пад гітару і мы ўсе разам каля Найсвяцейшага Сакрамэнту”.

Віктар дзякуе ўсім арганізатарам сустрэчы. “Гэта былі лепшыя два дні ў маім жыцці”, – падсумоўвае ўдзельнік.
Салістка гурта “Open” Ганна Таўрэль была на днях моладзі шмат разоў, пачынаючы з 2010 года. У Тракелях яна спявала на Імшах і адарацыях.

“Не атрымалася паўдзельнічаць ва ўсёй праграме, бо былі рэпетыцыі, але паглядзела іншымі вачыма, як праходзяць такія мерапрыемствы. Былі бачныя адкрытасць, радасць і дабрыня, – дзеліцца Ганна. – Трошкі хвалявалася за нас (гурт), бо такая адказнасць была ўпершыню, але з дапамогай Маці Божай у сэрцы з’явіўся супакой і ўсе разам праслаўлялі Бога спевам і ігрой”.
Маладыя вернікі з запалам у вачах развучвалі танцы, маліліся, слухалі канферэнцыі на тэму “Пяць таямніц жыцця Марыі”.

Незвычайным на сустрэчы было тое, што начлег быў у намётах, а ўвечары першага дня моладзь сабралася ля вогнішча.
Завяршэннем была супольная Эўхарыстыя, якую цэлебраваў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Ва ўдзельнікаў засталося мноства эмоцый, зарад бадзёрасці духу, новыя знаёмствы і шмат фотаздымкаў на памяць.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

20-21 жніўня ў санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях адбыліся 



24 кастрычніка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша ў Воранаве (Радунскі дэканат).
13 кастрычніка Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі наведаў парафіяльную супольнасць Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка).
8 кастрычніка Акадэмічнае душпастырства студэнтаў і старэйшай моладзі “OPEN” у Гродне адзначыла 15-годдзе існавання. З гэтай нагоды ў гродзенскім касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкім) адбыліся ўрачыстасці падзякі за дар гэтай супольнасці, да якой належаць маладыя людзі, якія жадаюць разам узрастаць у дасканаласці.
4 кастрычніка ў касцёле Маці Божай Анёльскай у Гродне адбылася адпустовая ўрачыстасць у гонар св. Францішка Асізскага. Таксама ў гэты дзень група вернікаў парафіяльнай супольнасці прыняла сакрамэнт хрысціянскай сталасці.
4 кастрычніка Рыма-Каталіцкі Касцёл успамінае святога Францішка, заступніка навакольнага асяроддзя і аднаго з апекуноў парафіі ў Іўі. У адным з алтароў парафіяльнага касцёла знаходзіцца абраз святога, датаваны 1784 годам.
Міжнародны праект YES! – “Скарачэнне беднасці шляхам працаўладкавання сацыяльна неабароненай моладзі ў менш развітых рэгіёнах Беларусі” рэалізуецца дабрачынным каталіцкім таварыствам Caritas Беларусь па ўсёй рэспубліцы пры падтрымцы Renovabis (Германія) і Caritas Linz (Аўстрыя) з мэтай павышэння ўзроўню жыцця маладых беларусаў ва ўзросце 18-35 гадоў, якім патрабуецца падтрымка.
16 верасня ў парафіі св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне біскуп Віцебскі Алег Буткевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі.
На малітву ў інтэнцыі шчаслівай будучыні для Беларусі сабраліся вернікі Гродна 19 верасня ў пабрыгіцкім касцёле. Ініцыятарамі адмысловага набажэнства стала група моладзі з мясцовага душпастырства “Open”. Арганізаваць св. Імшу ў інтэнцыі нашай краіны моладзь падштурхнуў грамадска-палітычны крызіс і сітуацыя з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, якому было адмоўлена ў вяртанні на Радзіму.
14 верасня стаў асаблівым днём для лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Фара): акрамя таго, што адзначалася парафіяльная ўрачыстасць, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ўдзяліў групе моладзі сакрамэнт канфірмацыі.
6 верасня, у першую нядзелю восені, як і кожны год, у парафіі Святога Духа ў Гродне (Альшанка) благаслаўляліся школьныя прылады. У гэты дзень у парафію прыбыў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
29 жніўня для моладзі лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Фара) адбылася традыцыйная святая Імша на заканчэнне лета, падчас якой кс. Раман Вайцяховіч асабліва маліўся аб Божым благаслаўленні для школьнікаў і студэнтаў на новы навучальны год.
27 жніўня ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Фара) адбылася акцыя “Збярэм дзяцей са шматдзетных сем’яў у школу”.
22 жніўня ў парафіі Святой Сям’і ў Лідзе біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі вернікам гэтай супольнасці. Сямю дарамі Духа Святога былі ўзбагачаны 140 чалавек, з якіх большасць склалі маладыя людзі.
Скаўты з парафіі св. Яна Евангеліста і Максіміліяна Кольбэ ў Мінску і парафіі св. Міхала Арханёла ў Івянцы арганізоўваюць адпачынак на беразе ракі Гаўя.
З 17 па 19 жніўня ў парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне (Вішнявец) адбыліся рэкалекцыі для дзяўчат. Духоўныя практыкаванні правялі сёстры з супольнасці св. Кацярыны.
16 жніўня пры парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне адбыўся пікнік для дзяцей і моладзі.
7-8 жніўня адбылася XIX пешая пілігрымка з Гродна ў санктуарый Пана Езуса Журботнага ў Росі. З-за эпідэміі каранавірусу сёлетняя пілігрымка адбылася ў вельмі сціплым і сімвалічным складзе.
З 28 ліпеня па 3 жніўня моладзі парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне (Вішнявец) арганізавала супольны адпачынак.
1 жніўня 1943 г. манахіні Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта былі расстраляны ў Батароўскім лесе каля Навагрудка. З гэтай нагоды 31 ліпеня ў лесе адбылася святая Імша.
30 ліпеня міністранты з Іўя здзейснілі падарожжа ў Будслаў. На сваім шляху група з дзевяці чалавек наведала таксама мінскую архікатэдру і касцёл у Вішневе.
19-26 ліпеня моладзь лідскай парафіі Святой Сям’і ўдзельнічала ў рэкалекцыях у санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях.
19 ліпеня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Парэччы (дэканат Гродна-Усход).
10-12 ліпеня для ўдзельнікаў Душпастырства студэнтаў і старэйшай моладзі Open Гродзенскай дыяцэзіі, маладых сем’яў, якія выйшлі з гэтага душпастырства, і ўдзельнікаў евангелізацыйнага курсу “Альфа” адбыліся рэкалекцыі на байдарках.