Skip to main content

Брат Віктар Мялешка з Гродна прынёс вечныя манаскія абяцанні ў ордэне францішканаў

brmeleszko 8121 лістапада падчас святой Імшы ў касцёле Маці Божай Анёльскай у Гродне (францішканскі) брат Віктар Мялешка, які паходзіць з гэтай парафіяльнай супольнасці, прынёс вечныя манаскія абяцанні ў Ордэне Братоў Меншых Канвентуальных.

На ўрачыстасць з’ехаліся браты з францішсканскіх кляштараў Беларусі. Падтрымаць брата Віктара прыбылі яго родныя і сябры.

Святую Імшу ўзначаліў а. Антоній Пажэцкі OFMConv, гвардыян і пробашч гродзенскай францішканскай парафіі, які і прыняў прынесеныя маладым законнікам вечныя абяцанні. На пачатку Эўхарыстыі святар адзначыў, што гэтая ўрачыстасць – вялікая падзея для парафіі і яе вернікаў, якія з’яўляюцца сведкамі таго, што адзін з іх хоча прысвяціць усё жыццё асабліваму служэнню Богу і людзям у ордэне францішканаў.

brmeleszko 55

Даючы Хрысту вечныя абяцанні чыстасці, убоства і паслухмянасці, брат Віктар абавязаўся любіць свайго Збаўцу ўсім сэрцам, гэтак жа, як Ён палюбіў нас, a на ўзор айца францішканскага ордэну, св. Францішка Асізскага, з кожным днём узрастаць у дасканаласці і служыць з вялікім прысвячэннем і адданасцю дзеля Божай хвалы.

На заканчэнне Імшы брат Віктар падзякаваў прысутным за ўдзел у гэтай падзеі, важнай для яго і для ўсёй парафіі, а таксама падзякаваў усім, хто удзельнічаў у падрыхтоўцы гэтай урачыстасці. Ён папрасіў усіх аб малітве за яго.

“Маліцеся за мяне, каб быў святым законнікам, каб рабіў усё тое, чаго ад мяне чакае Пан Бог, і служыў іншым з руплівасцю”, – дадаў брат Віктар.

Гэтая падзея для Ордэну Братоў Меншых Канвентуальных стала нагодай выказаць удзячнасць Пану за дар яшчэ аднаго брата, які вырашыў аддаць жыццё на служэнне Богу і Касцёлу, рэалізуючы харызму гэтай супольнасці.

Жадаем маладому законніку праўдзівай хрысціянскай радасці, каб згодна з запаветам святога Францішка нёс свету супакой і дабро!

 

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Баляслаў Гавецкі