Хрыстус уваскрос — Сапраўды ўваскрос!
Дарагія браты і сёстры! Любая моладзь!
Пасля ночы Аліўнай гары, цемры а шостай гадзіне канання; пасля таго, як задрыжэла зямля і заплакала неба чалавечай душы, сталася святло — Езус уваскрос (пар. Мц 28, 6) і адорвае свет сваім супакоем (пар. Лк 24, 36). Жыццё перамагло смерць.
Сёння, асабліва сёння, Езус пытаецца ў вас, маладыя: «Чаму разгубіліся, і чаму сумненні ўзніклі ў вашых сэрцах?» І адначасова заклікае, як тады: «Хлопча, кажу табе, устань. Дзяўчына, табе кажу, устань» (пар. Лк 7, 14), «дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым» (пар. Ян 20, 27), і табе заззяе новы дзень.
Браты і сёстры! Святы Ян Павел II, 100-годдзе з дня нараджэння якога сёлета адзначае Касцёл на Беларусі, у свой час, у далёкім ужо 1978 годзе, заклікаў усіх людзей добрай волі: «Адчыніце дзверы Хрысту! Адчыніце насцеж!»
Сёння я заклікаю вас, мае дарагія сябры, адчыніце дзверы Уваскросламу! Адчыніце Яму дзверы вашых сэрцаў, адчыніце дзверы бацькоўскіх дамоў і людзей, якія патрабуюць нашай дапамогі. Няхай святло Яго Змёртвыхпаўстання асветліць нашую малую радзіму, няхай настане для нас новы дзень ад Бога.
Здароўя, шчасця і веснавой усмешкі мірнага сонейка для ўсіх вас!
Са святам вас, дарагія!
Версія для друку і на польскай мове.