Skip to main content

Біскуп Станеўскі дзецям і моладзі ў Капцёўцы: вы адказныя за Касцёл

imsza kpc 3515 верасня ў санктуарыі Маці Божай Яснагорскай Цярпліва Слухаючай на Узгорку надзеі ў Капцёўцы святую Імшу ў інтэнцыі дзяцей і моладзі, настаўнікаў і выхавацеляў, выкладчыкаў і катэхетаў Гродзенскай дыяцэзіі ўзначаліў дапаможны біскуп дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

У Імшы прынялі ўдзел дзеці і моладзь разам з бацькамі. Большасць з іх прыбыла ў пешай пілігрымцы з Гродна. Сабраныя маліліся аб Божым благаслаўленні на новы навучальны і катэхетычны год.

На пачатку літургіі кусташ санктуарыя кс. Міхал Ластоўскі прывітаў усіх, хто прыбыў у гэты дзень на Узгорак надзеі.

imsza kpc 43

Біскуп у гаміліі звярнуў увагу на тое, каб кожны навучэнец не толькі разлічваў на Божую ўсемагутнасць, але і сам стараўся здабыць веды. Ён падкрэсліў значнасць катэхезы, якая не заканчваецца Першай Камуніяй.

“Катэхеза і свецкія веды – два крылы, якія ўздымаюць да нябёсаў чалавека, з дапамогай якіх чалавек развіваецца”, - дадаў іерарх. Ён нагадаў моладзі пра настаўнікаў, выкладчыкаў і выхавацеляў, якія клапоцяцца і ахвяроўваюць сябе ў справе навучання і перадачы ведаў.

Біскуп нагадаў таксама пра вялікую адказнасць за Касцёл, якая ляжыць на маладым пакаленні і засноўваецца на дзяленні верай і прыкладам жыцця.

Іерарх пажадаў, каб навучальны і катэхетычны год, які распачынаецца, быў для кожнага дзіцяці і маладога чалавека дыяцэзіі паспяховым, прынёс прагрэс у вучобе, а найперш плён узрастання веры і любові да Езуса.

На заканчэнне біскуп благаславіў школьныя прылады і ўдзяліў усім прысутным пастырскае благаслаўленне.

Андрэй Юхнік, кс. Юрый Марціновіч

Фота: Павел Леановіч