Skip to main content

У гродзенскай катэдры ўрачыста адзначылі юбілей біскупа Уладзіміра Гуляя

50god 13

14 чэрвеня ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя адбылася Імша падзякі за дар жыцця біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя з нагоды яго 50-годдзя, якое ён адзначаў у гэты дзень.

Літургію ўзначаліў сам юбіляр, у ёй удзельнічала шмат святароў, у тым ліку старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, намеснік старшыні епіскапату біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Беларусі кс. прэлат Кшыштаф Сэрока, законныя сёстры, свецкія вернікі дыяцэзіі.

50god 6

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ў гаміліі прапанаваў “зазірнуць у дом бацькоў” біскупа Гродзенскага – “туды, дзе, як казаў святы Ян Павел ІІ, усё пачалося: і жыццё, і вера, і вучоба, і пакліканне”. Арцыбіскуп прыгадаў жыццёвы шлях юбіляра, месцы яго служэння, этапы святарства. Па словах іерарха, усё гэта стала магчымым таму, што “Бог благаславіў, а людзі маліліся”.

Ад імя ўсіх прысутных старшыня епіскапату пажадаў юбіляру “благаслаўлёнага падарожжа з Панам да новых дасягненняў, новых юбілеяў”.

У канцы Імшы біскупу было выказана шмат віншаванняў. У прыватнасці, ад імя Апостальскай нунцыятуры да яго звярнуўся Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Беларусі кс. прэлат Кшыштаф Сэрока, пажадаўшы “няспыннага ўзрастання у веры, любові і спагадзе, каб пастырскае служэнне для кожнага было вымоўным знакам Божай дабрыні і міласэрнасці”. Ад імя беларускага каталіцкага епіскапату віншаванні выказаў арцыбіскуп Станеўскі. 
Юбіляра павіншавалі архімандрыт Сяргей Гаек, ад імя духавенства Гродзенскай дыяцэзіі – біскупскі вікарый па справах агульнага душпастырства ў Лідскім рэгіёне кс. Віталій Сідорка, законныя сёстры, прадстаўнікі малітоўных груп.

Юбіляр, звяртаючыся ў адказ да прысутных, узгадаў словы свайго біскупскага дэвізу: “Хопіць табе Маёй ласкі” (2 Кар 12, 9). Ён адзначыў, што гэтыя словы для яго “не раз былі апорай у цемры і святлом у хвіліны выпрабавання” і што “ласка Бога – не заслужаная, не выпрацаваная, а дармовая, надзейная, магутная” – аберагала яго, выхоўвала і вяла праз усе гады.

Біскуп выказаў падзяку сваім бацькам і іншым родным, падзякаваў Богу за пакліканне да святарства, дадаўшы, што “гэтае пакліканне не было вольнае ад цяжкасцяў, але Бог не кліча тых, хто моцны, – Ён умацоўвае тых, каго кліча”. Падзякаваў ён сваім супрацоўнікам, а таксама кансэкраваным асобам і свецкім вернікам – звяртаючыся да апошніх, ён сказаў: “Ваша вера часта пакорная, ціхая, але глыбокая! Яна дае сведчанне гэтаму свету, які часта згублены і неспакойны. Без вас Касцёл быў бы як дом без жыхароў”.

50god 32

“Жыццё біскупа не вольнае ад змаганняў. Здараюцца хвіліны неразумення, самоты, цяжкага выбару. Але менавіта там, дзе чалавек стаіць у праўдзе сваёй крохкасці, аб’яўляецца найвялікшая моц Божай ласкі, – сказаў іерарх. – З усім перакананнем паўтараю сёння: “Хопіць табе Маёй ласкі”. Я не павінен разумець усё, не павінен умець усё – хопіць таго, што я даверуся. Гэтае Слова не губляе актуальнасці – яно працягвае вучыць мяне пакоры, даверу і таму, што шлях да святасці вядзе не праз поспех, а праз вернасць”.

Ён дадаў, што “гэты юбілей – запрашэнне да супольнай будучыні”, і заахвоціў: “Не стамляйцеся ў веры! Не адмаўляйцеся ад Хрыста! Касцёлу ў Гродне і ва ўсёй Беларусі патрэбны людзі святыя, адважныя, якія моцна любяць Евангелле. Патрэбны сем’і, якія з’яўляюцца хатнім Касцёлам. Патрэбны маладыя людзі, якія не баяцца ісці супраць цячэння. Патрэбны пажылыя людзі, якія сваёй мудрасцю і малітвай будуць фундаментам надзеі. Давайце ж разам будаваць супольнасць, якая будзе жыць Евангеллем”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі