Skip to main content

Старшыня ККББ арцыбіскуп Станеўскі віншуе біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя з 50-годдзем з дня нараджэння

2024 07 05 Imsha piligrimau20240705 02424

14 чэрвеня біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй адзначае 50-годдзе з дня нараджэння. З гэтай нагоды Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, павіншаваў іерарха з юбілеем.

Ваша Эксцэленцыя,
найдастойнешы біскуп Уладзімір!

З нагоды 50-годдзя з дня Вашага нараджэння ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, духавенства і вернікаў прыміце самыя шчырыя словы пажаданняў.

Кожны юбілей — гэта добрая нагода для таго, каб выказаць перад Богам і людзьмі словы ўдзячнасці і ўзнесці малітву за дар жыцця і паклікання, за дар служэння і ахвяры.

Дзякуем Богу за жыццё Вашай Эксцэленцыі, якое Вы атрымалі праз любоў вашых бацькоў, калі прыйшлі на свет 50 гадоў таму, 14 чэрвеня 1975 года, у старадаўнім, маляўнічым Ваўкавыску ў сям’і Юрыя і Марыі Гуляй. Разам з Вамі дзякуем за дар святога хросту, які Вы прянялі ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Росі, і за дар Вашага паклікання.

Скончыўшы Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне, Вы 26 чэрвеня 1999 г. прынялі прэзбітэрскае пасвячэнне, удзеленае ў гродзенскай катэдры біскупам Аляксандрам Кашкевічам, дастойным Вашым папярэднікам на Гродзенскай катэдры. Атрымаўшы ў Люблінскім каталіцкім універсітэце ступень магістра тэалогіі, вы працягвалі спалучаць душпастыркую працу з навуковай, згодна з выказваннем святога Яна Паўла II: «Вера і навука як два крылы птушкі, што дазваляе чалавеку ўзняцца высока над прасторамі». Тым самым, абараніўшы дактарат ў 2011 г., Вы заахвоцілі семінарыстаў і студэнтаў да больш пільнага вывучэння святых навук Касцёла, будучы прэфектам і выкладчыкам дагматычнай тэалогіі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, выкладчыкам тэалогіі ў Тэалагічным каледжы імя св. Казіміра, а таксама на «Курсах сямейнага жыцця» пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі.

Спазнаўшы адказнасць за лакальны Касцёл падчас Вашага служэння біскупскім вікарыем па справах агульнага душпастырства Лідскага рэгіёна, будучы членам святарскай рады і калегіі кансультантаў Гродзенскай дыяцэзіі, выконваючы функцыю дыяцэзіяльнага цэнзара, удзельнічаючы ў працах Сінадальнай камісіі па справах экуменізму і міжрэлігійнага дыялогу Гродзенскай дыяцэзіі як яе старшыня, Вы падрыхтаваліся да яшчэ большай адказнасці за Касцёл. Гэта заўважыў Божы народ і папа Францішак, які 5 красавіка 2024 года прызначыў Вас, ксяндза доктара каноніка Уладзіміра Гуляя, біскупам каад’ютарам Гродзенскай дыяцэзіі. Затым, 30 верасня 2024 года, Вы змянілі біскупа Аляксандра Кашкевіча на пасадзе дыяцэзіяльнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі.

Дэвізам біскупскага служэння Вы абралі словы Sufficit tibi gratia Mea («Хопіць табе Маёй ласкі»), з якімі Езус Хрыстус звяртаецца да апостала Паўла: «Хопіць табе Маёй ласкі, бо моц удасканальваецца ў слабасці» (2 Кар 12, 9).

Ваша Эксцэленцыя, дастойны юбіляр! Жадаем, каб і надалей Вы вялі дыялог з Хрыстом, які няспынна яго з намі падтрымлівае.

Няхай наступныя гады вашага жыцця і пастырскага служэння будуць знаходзіцца пад чулай апекай Маці Божай Кангрэгацкай. Святы Казімір Каралевіч і святы Максімільян Кольбэ няхай дапамагаюць Вам у пераадоленні ўсіх цяжкасцяў, якія сустракаюцца на Вашым пастырскім шляху.

Plurimos annos!

З пашанай, Ваш брат у пастырскім служэнні

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Мінск, 14 чэрвеня 2025 г.

Паводле Catholic.by