Skip to main content

У Навумавічах ушанавалі памяць ахвяраў Другой сусветнай вайны

uraczystasci nv 3320 ліпеня адбыліся ўрачыстасці на месцы спачыну расстраляных падчас Другой сусветнай вайны жыхароў Гродна і Ліпска.

Як адзначаюць гісторыкі, у агульных магілах на гэтых фартах знайшло спачын больш за 3 тысячы чалавек. Найперш гэта былі эліты грамадства: інтэлігенцыя, дзяржаўныя кіраўнікі, духавенства, грамадскія дзеячы.

Усіх злучыў супольны лёс

Там была расстраляна Мар’яна Бярнацкая, якая была беатыфікавана 20 гадоў таму, 13 чэрвеня 1999 г., Папам Янам Паўлам ІІ у Варшаве сярод 108 благаслаўлёных мучанікаў Другой сусветнай вайны.

Варта прыгадаць і імёны трох гродзенскіх святароў, якія таксама былі там расстраляны як заложнікі. Гэта кс. Юстын Скакоўскі, капелан назарэтанак і прэфект школ, кс. Казімір Шыпіла, вікарый фарнай парафіі, і а. Дыянізій Клімчак, францішканін, гвардыян гродзенскага кляштара.

uraczystasci nv 44

У Навумавічах спачылі таксама гродзенскі віцэ-прэзідэнт Раман Савіцкі, выбітны біёлаг і заснавальнік гродзенскага заапарку Ян Каханоўскі, выкладчыкі настаўніцкай гімназіі Юзаф Ванатоўскі, Францішак Данько, Зыгмунт Мразоўскі і шмат іншых людзей.

Сярод ахвяр былі і звычайныя выпадковыя людзі, якіх арыштоўвалі як заложнікаў, а потым расстрэльвалі, часта цэлымі сем’ямі, бязлітасна, не шкадуючы немаўлят, дзяцей і пажылых людзей.

Да сённяшняга дня невядома поўная лічба ахвяр, якія спачываюць на навумавіцкіх фартах, але безумоўна адно: прынялі смерць людзі розных веравызнанняў і народнасцяў, якія належалі да розных грамадскіх станаў. Усіх злучыў агульны лёс. Яны далучыліся да шматмільённай колькасці нявінных ахвяр вайны, сталі ахвярамі нянавісці і насілля, супярэчнасці з Божым законам і пагарды да агульначалавечых каштоўнасцяў.

У Навумавічах каля Гродна, у лесе, які з’яўляецца нямым сведкам трагічных падзей, сабралося шмат вернікаў. Некаторыя прыйшлі ў V пешай евангелізацыйнай пілігрымцы з Гродна, іншыя прыехалі. 

Ужо традыцыйна ва ўрачыстасцях прыняла ўдзел дэлегацыя з радзімы благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай, у ліку якой былі бурмістр Ліпска (сёння тэрыторыя Польшчы) Лех Лэмпіцкі разам з прадстаўнікамі гарадской рады, праўнук благаслаўлёнай Станіслаў Бэтко, члены сем’яў забітых.

Гераізм мучанікаў – заахвочванне сучаснікам

Прысутныя маліліся ў адной інтэнцыі – каб Бог захаваў свет ад войнаў, голаду і агню, каб ніколі больш не паўтараліся такія падзеі, калі ў нявіннага чалавека адбіраецца найвялікшы дар, які ён мае, – жыццё.

uraczystasci nv 41

Святую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. На пчаатку іерарх адзначыў, што ў гэты дзень “мы святкуем перамогу тых, якія ў ХХ стагоддзі аддалі жыццё для Хрыста”, “аддалі жыццё зямное, каб атрымаць яго на векі ў Яго хвале”.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заахвоціў выказаць удзячнасць усім гэтым сведкам веры за іх вялікую адвагу, за тое, што здолелі дасканала выкарыстаць сваё жыццё. “Няхай гераізм і адвага шматлікіх мучанікаў будзе для нас напамінам, што ўсе мы пакліканы да веры і сведчання аб Хрысце”, – дадаў іерарх. 

У гаміліі кс. Канонік Аляксандр Мацкевіч, канцлер гродзенскай курыі, падкрэсліў, што кожнае месца пакарання – а іх нямала на нашай зямлі – схіляе да роздуму над будучыняй і з’яўляецца перасцярогай на будучыню.

“У штодзённай завірусе бягучых спраў, больш або менш важных, у пастаяннай беганіне, у клопаце пра наша сёння і заўтра нельга нам забываць пра нашу гісторыю, пра лёсы нашых папярэднікаў, пра каштоўнасці, якімі яны жылі і за якія былі гатовыя заплаціць нават найвышэйшую цану”, – дадаў святар. 

Захаваць памяць для будучых пакаленняў

Kсёндз Мацкевіч заўважыў, што нявінныя расстраляныя пакінулі вялікую спадчыну, за якую сучасныя людзі павінны адчуваць сябе адказнымі перад Богам і пакаленнямі, якія прыйдуць пасля.

Да прысутных звярнулася таксама намеснік старшыні Гродзенскага раённага выканаўчага камітэта Лілія Шаматовіч, бурмістр Ліпска, роднага горада бл. Мар’яны, Лех Лэмпіцкі, які ўжо пяты раз запар бярэ ўдзел у гэтых урачыстасцях. Цёплыя словы да ўсіх сабраных скіраваў праўнук благаслаўлёнай Станіслаў Бэтко.

uraczystasci nv 48

Затым члены асобных дэлегацый склалі вянкі перад крыжам, усталяваным у памяць трагічных падзей 76-гадовай даўніны. Цудоўным заканчэннем урачыстасцяў стала малітоўная мелодыя “Цішыня” (“El Silencio”) у выкананні трубача Паўла Чымiрко, удзельніка Асацыяцыі іўдзейска-хрысцiянскага дыялогу “Шомэр-Інтэрнэшнл”.

Пасля заканчэння ўрачыстасцяў многія яшчэ трывалі ў цішыні на малітве, дзякуючы ўсім сведкам веры за іх вялікую адвагу, за тое, што здолелі дасканала выкарыстаць сваё “тут” і “цяпер”.

Яны дзякавалі бл. Мар’яне за яе простае і сціплае жыццё, якое прайшло ў ценю Хрыстовага крыжа. Усведамляючы, што гэтая благаслаўлёная зямля, акропленая мучаніцкай крывёю, заклікае сёння да іх святасці і яснага сведчання веры.

Kс. Юрый Марціновіч

Фота: Павел Леановіч