Skip to main content

Біскуп Станеўскі ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў Жалудку

kanf zaludok 3522 чэрвеня дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі наведаў парафіяльную супольнасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Жалудку (Шчучынскі дэканат).

Падчас святой Імшы іерарх удзяліў сакрамэнт хрысціянскай сталасці 36 чалавекам. Вернікі былі належным чынам падрыхтаваны да гэтай важнай у іх жыцці падзеі праз удзел у катэхетычных занятках, святых Імшах, а непасрэдна перад гэтай урачыстасцю прыступілі да сакрамэнту пакаяння і паяднання.

Звяртаючыся да тых, хто прымаў у гэты дзень сакрамэнт канфірмацыі, біскуп падкрэсліў важнасць у жыцці кожнага чалавека веры, якая адкрывае на Бога і дазваляе спазнаць Яго збаўчую ласку. Іерарх пажадаў ім, каб яны, умацаваныя сямю дарамі Духа Святога, кожны дзень былі сапраўднымі сведкамі Езуса Хрыста ў сваім асяроддзі.

Пробашч парафіі кс. канонік Ян Рэйшаль падзякаваў біскупу за прысутнасць, скіраванае да вернікаў слова і ўдзяленне сакрамэнту.

Kс. Юрый Марціновіч