Skip to main content

У касцёле Найсвяцейшай Тройцы aдкрылася фотавыстава “Містэрыі Гервят”

foto gr 4У межах гервяцкага фэсту Найсвяцейшай Тройцы знакаміты ў Беларусі і за яе межамі фотамайстар Валерый Вядрэнка прэзентаваў серыю работ і фотаальбом “Містэрыі Гервят”.

Як паведамляе “Астравецкая праўда”, фовыстава складаецца з трох частак. У першай аўтар знаёміць гледача з мясцовасцю, касцёлам і яго інтэр’ерам. Стылізацыю гэтай часткі вызначае час стварэння храма – пачатак ХХ стагоддзя.

У другой частцы аўтар паказвае касцёл у начны час, калі храм пусты, але яго вобразы жывуць сваім адметным жыццём.

foto gr 3

Трэцюю частку складаюць фотакампазіцыі, прысвечаныя тэмам Евангелля.

Над цыклам фотаздымкаў гервяцкай святыні майстар працаваў больш за 10 гадоў: здымаў храм у розныя поры года і сутак, неаднойчы наведваўся ў Гервяты ў пошуках лепшага ракурсу. Плёнам гэтай тытанічнай работы стаў фотаальбом “Містэрыі Гервят” і аднайменная выстава – адзінае ў межах Беларусі фотапрысвячэнне храму.

Падчас прэзентацыі фотамастак падарыў касцёлу 38 шырокафарматных работ з гэтай серыі, экспазіцыя якіх будзе дзейнічаць у святыні пастаянна.

Валерый Вядрэнка і пробашч гервяцкай парафіі ксёндз Эльяс Анатоліюс Маркаўскас замацавалі гэтую падзею сваімі подпісамі ў сімвалічным акце.

“У мяне было шмат выстаў у розных краінах свету, але ніколі так не хваляваўся, як сёння, – прызнаўся фотамастак. – Мае работы нарадзіліся тут і праз дзесяць гадоў вярнуліся ў свой дом – гервяцкі касцёл. Я дакладна ведаю, адкуль прыходзіць натхненне, – гервяцкаму храму я аддаў доўг”.

Ксёндз Эльяс Анатоліюс Маркаўскас шчыра падзякаваў фотамастаку і падкрэсліў, што на фотаработы трэба не толькі глядзець вачамі, але і адчуваць іх сэрцам.

Музычным упрыгожаннем фотавыставы стаў міні-канцэрт сталічнага ансамбля “Імпрэза”.