Skip to main content

Адпуст у гонар св. Антонія і юбілей пробашча адзначылі ў гродзенскім касцёле

bernardyny 2813 чэрвеня ў пабернардынскім касцёле Адшукання Святога Крыжа ў Гродне адбылася штогадовая адпустовая ўрачыстасць у гонар св. Антонія Падуанскага.

Урачыстую адпустовую Імшу суму ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Іерарх прыбыў у гэты дзень у гродзенскую святыню, каб разам з вернікамі звярнуцца да Пана Бога праз заступніцтва св. Антонія, чый культ жывы ў гэтай парафіяльнай супольнасці, а таксама павіншаваць пробашча кс. прэлата Антонія Ханько, які ў гэты дзень адзначаў імяніны і юбілей 70-годдзя.

Арцыбіскуп падзякаваў кс. Ханько за вернае служэнне Касцёлу, духоўны клопат аб верніках і штодзённае сведчанне, якое ён дае.

Звяртаючыся з гаміліяй да шматлікіх прысутных у найстарэйшай святыні горада над Нёманам, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі засяродзіў увагу на постаці св. Антонія. Як падкрэсліў іерарх, гэты святы нагадвае людзям, што існуе іншае вымярэнне – духоўнае, пра якое сучасны чалавек часта забывае.

Старшыня епіскапату Беларусі заахвоціў углядацца ў жыццё св. Антонія і імкнуцца да таго, каб жыць па-Божаму, каб наша жыццё было прыгожым і праходзіла ў еднасці з Панам.

Kс. Юрый Марціновіч