Skip to main content

“Сям’я – дом любові”: валанцёры Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці дзеляцца ўражаннямі

wlnc ddd 2Больш за 100 валанцёраў і аніматараў прыняло ўдзел у арганізацыі IX Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці, які прайшоў 1 чэрвеня ў гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Падрыхтоўка да гэтай вялікай падзеі ў Гродзенскай дыяцэзіі ішла з пачатку мая. Цэлы месяц валанцёры – маладыя людзі – прымалі актыўны ўдзел у гэтым.

Сёння сваімі ўражаннямі ад свята, якое праходзіла пад дэвізам “Сям’я – дом любові”, у якім прыняло ўдзел каля 2500 чалавек, дзеляцца валанцёры і аніматары дыяцэзіяльнага мерапрыемства для дзяцей.

 

Аліна Лагайкa

Перапоўнена пачуццём радасці і адказнасці

wlnc ddd 4

“Я чатыры гады проста хадзіла на Дзень дзіцяці, і мне заўсёды падабалася, заўсёды дадому прыходзіла перапоўненая радаснымі думкамі і ўражаннямі. Але заўсёды таксама я хацела паўдзельнічаць у арганізацыі свята, і вось мая мара збылася.

Дзякуй усім велізарны за такую магчымасць. Мне было прыемна дапамагаць, і калі я дапамагала, то мяне перапаўнялі пачуццё радасці, шчасця, адказнасці і гонару”.

 

Вольга Раманчук

Уражана атмасферай свята

romanczuk

“Прымаю ўдзел я ў гэтым дзіцячым днi не першы раз. І з кожным годам імкнуся дапамагаць яшчэ больш. Кожны год зусім розная атмасфера! У гэтым годзе ўсё было цікава па-свойму: дзяўчынкі рабілі прычоскі, клоўны весялілі дзетак, валанцёры гралі з дзецьмі на музычных інструментах, хлопчыкі ставілі батуты, а тролі забаўлялі сваім яркім сцэнарам. Важна прыходзiць на Дзень дзіцяці і пабачыць усё на свае вочы.

Мы, валанцёры, хацелi, каб у гэтае свята дзецi ўсмiхалiся. I мы даказалі, што сям'я – гэта радасць, любоў, клопат і вера”.

 

Ганна Быткоўская

Палюбіла гэтае свята з дзяцінства

wlnc ddd 5

“Люблю гэтае свята яшчэ з самага дзяцінства. Прыходзіла маленькая з мамай і так радавалася і весялілася, што потым яшчэ доўга ўспамінала і прасіла зноў адвезці мяне ў касцёл, дзе праходзіла свята.

Напэўна, гэта было тое самае зярнятка, якое паступова прарастае ў нешта значнае і дае моц веры і ўмацоўвае любоў да Бога. І цяпер, пасталеўшы, я з велізарнай радасцю ўдзельнічаю ў гэтым свяце, ужо як валанцёр, і стараюся зарадзіць дзяцей энергіяй святла, веры і дабра, якую калісьці сама атрымлівала на гэтым цудоўным свяце дзяцінства”.

 

Дарэк Цыдзік

Пераконвалі, што варта быць з Богам

wlnc ddd 3

“Гэта вельмі крута, што дзецям падабаецца гэтае свята і што іх прыязджае вельмі шмат. Гэта важна – навучыць дзяцей не баяцца веры і паказаць ім, што з Богам весела і класна праводзіць час. І мы падчас сёлетняга свята дзяцей менавіта гэта хацелі ім паказаць і ў гэтым пераканаць. Калі Бог з намі, хто ж можа быць супраць нас!”

 

Святлана Статкевіч

Чакаем гэтага дня больш, чым дзеці

wlnc ddd 6

“Удзельнічаючы ў ДДД пяты год як валанцёр, кожны раз я разумею, што калектыў валанцёраў вельмі сяброўскі і вясёлы, першая сустрэча заўсёды праходзіць з вельмі многімі прапановамі, як зрабіць гэтае свята больш насычаным, і калі пытацца ў валанцёраў: “навошта ты тут?”, мне здаецца, кожны з іх адказаў бы, што ён тут, каб у дзіцяці з’явілася ўсмешка на твары.

Мы чакаем гэтага свята, напэўна, яшчэ больш, чым самі ўдзельнікі, таму што вы выразаем, прыдумваем сцэнар, упрыгожваем тэрыторыю, увогуле, рыхтуем усё да дробязяў. А самая галоўная наша задача была зрабіць першы дзень лета незабыўным, і мне здаецца – нават я ўпэўнена, – мы справіліся з гэтай задачай!”

 

Аляксандр Уткін

Знайшоў сабе новых сяброў

wlnc ddd 7

“За 1 чэрвеня я вельмі шмат знайшоў сабе як сяброў, так і знаёмых. І мне цалкам было прыемна з імі размаўляць. Калі б не гэты дзень, то ў мяне не было б столькі новых сяброў!

Я перакананы, што гэтае свята запомняць усе, і дзеці, і валанцёры. І, на маю думку, шмат хто захоча прыехаць яшчэ не адзін раз”.

 

***

Варта адзначыць, што валанцёрамі і аніматарамі сёлета былі ўжо і ўдзельнікі папярэдніх Дзён дзіцяці. Калісьці яны бралі ўдзел у гэтай сустрэчы, а сёння хочуць самі несці радасць дзецям праз сваю паслугу.

wlnc ddd 1

Усе валанцёры і аніматары ўдзячныя дзецям, якія наведалі гродзенскую парафію Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны

Марыі, за кожную ўсмешку і радасць і чакаюць новых сустрэч з імі.

Кс. Юрый Марціновіч