Skip to main content

35-годдзе святарства адзначыў кс. прэлат Вітольд Лазавіцкі

zaraczanka 443 чэрвеня ў парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Зарачанцы (Баля Касцёльная, Сапоцкінскі дэканат) кс. прэлат Вітольд Лазавіцкі дзякаваў Богу за дар паклікання да служэння ў Хрыстовым Касцёле. У гэты дзень прыпадала 35-годдзе прыняцця ім прэзбітэрскага пасвячэння з рук кардынала Юліяна Вайводса ў катэдры св. апостала Якуба.

Урачыстасць пачалася ўнясеннем у касцёл рэліквій бл. Ежы Папялушкі, святара і мучаніка, якое здзейсніў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Затым іерарх узначаліў святую Імшу.

На Эўхарыстыі прысутнічалі дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, святары, парафіяне і вернікі тых парафій, дзе раней служыў кс. Лазавіцкі.

zaraczanka 33

У гаміліі пробашч лідскай парафіі Святой Сям’і кс. канонік Юзаф Ганьчыц, які шмат гадоў быў пробашчам у роднай парафіі кс. прэлата Вітольда ў Сапоцкіне, адзначыў, што “святарства – не кар’ера, не прэстыж, не матэрыяльная карысць, не рэалізацыя сваіх асабістых планаў”, а “абвяшчэнне праўдаў веры і Евангелля, цэлебрацыя Эўхарыстыі – ахвяры любові, ахвяры складання сябе на алтары, аддавання Богу сваіх рук, вуснаў, вачэй, думак і ўсяго жыцця”.

“Які ж шчаслівы святар, калі ўсё гэта ён выконвае з любоўю, дзеліцца любоўю, аддае ўсяго сябе на службе тым, каго Бог ставіць на шляху жыцця”, – дадаў кс. Ганьчыц.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч ад імя Касцёла падзякаваў кс. Вітольду за руплівае служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі, за вялікі клопат аб збаўленні чалавечых душаў праз абвяшчэнне Евангелля і здзяйсненне святых сакрамэнтаў. Ён пажадаў святару і далей з маладым запалам служыць мясцоваму Касцёлу.

Шмат добрых слоў і пажаданняў у гэты дзень выказалі юбіляру і вернікі зарачанскай парафіі, а таксама прадстаўнікі тых парафій, дзе ён служыў раней.

На заканчэнне ўрачыстасці кс. прэлат падзякаваў усім за супольную малітву, якая, па яго словах, з’яўляецца для яго найпрыгажэйшым дарам і доказам удзячнасці за 35 гадоў яго святарскага служэння.

Kс. Юрый Марціновіч

Фота: Аліцыя Габіс