Skip to main content

Парады, як будаваць сапраўдную хрысціянскую сям'ю, атрымалі дзеці на завяршэнне ДДД

ddd finisz 38На завяршэнне IX Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці, які прайшоў 1 чэрвеня ў гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, дзеці атрымалі парады, як будаваць сапраўдную хрысціянскую сям'ю і што рабіць для таго, каб сям'я стала сапраўдным домам любові.

Усе прысутныя на свяце дзеці былі запрошаны да сцэны. Пасля цэлага дня малітвы і мноства забаваў вядучыя падсумавалі ўсё, што адбылося, і далі ўдзельнікам у дарогу яшчэ некалькі парадаў.

ddd finisz 32

Вядучыя падкрэслілі, што кожная сям’я павінна быць заснавана на падмурках веры, любові, дабрыні, падтрымкі. “Касцёл сёння нас заклікае, каб Езус быў пасярод нас і Яго ласка нараджалася ў нашых душах. Мы павінны старацца, каб зло не пранікала ў нашы сем’і. Няхай Святая Сям’я выпрошвае ў Бога адпаведныя ласкі ўсім нам, асабліва нашым сем’ям, каб яны былі радасцю і надзеяй сучаснага свету і нашай краіны”, – сказаў на завяршэнне кс. Юрый Марціновіч, галоўны арганізатар Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці.

Таксама арганізатары параілі ва ўсіх цяжкіх сітуацыях звяртацца да Бога. Кульмінацыяй завяршальнай цырымоніі стала малітва “Ойча наш”, калі ўсе як адна вялікая сям'я прасілі ў Бога патрэбныя ласкі для сваіх сем'яў і для адной вялікай сям'і – Касцёла нашай дыяцэзii.

Затым дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі пажадаў усім шчаслівай дарогі дадому, удзяліў благаслаўленне і папрасіў дзяцей ніколі не рабіць сабе канікул ад Бога, малітвы і Касцёла. “Няхай Езус заўсёды будзе ў вашых сэрцах, у кожнай нашай сям’і. Няхай нас благаслаўляе і суправаджае”, – дадаў іерарх.

ddd finisz 44

Безумоўна, гэтае свята пакіне ў сэрцах дзяцей, якія прынялі ў ім удзел, трывалы след на доўгія гады. Удзельнікі з перакананнем, што яны любімыя дзеці Бога, вярталіся дадому, каб разам з Панам перажываць радасны час канікул.

Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці прайшоў ужо ў дзявяты раз. На ім сабралося каля 2500 чалавек з многіх парафій Гродзенскай дыяцэзіі. Удзельнічалі таксама дзеці з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У падрыхтоўку і правядзенне свята было ўключана больш за 120 валанцёраў i аніматараў.

Уладзіслаў Кузікевіч