Skip to main content

Біскуп Кашкевіч дзецям: дзякуйце Богу за сваіх бацькоў

ddd imsza 23Найважнейшым пунктам праграмы IX Дыяцэзільнага дня дзіцяці, які адбыўся 1 чэрвеня ў парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне, была ўрачыстая святая Імша. Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Дзеці сабраліся ў святыні вакол Хрыстовага алтара, каб супольна ўзнесці малітвы да Бога. Гэта была сапраўды простая і шчырая дзіцячая малітва, якая выражалася праз спеў і ўдзел усіх сабраных.

Падчас Імшы дзеці дзякавалі за чарговы навучальны год, маліліся за сваіх бацькоў, настаўнікаў, выхавацеляў, катэхетаў. Малітвай яны агарнулі таксама ўсіх дзяцей, якія па розных прычынах сумныя і не могуць спазнаць сапраўдную радасць дзяцінства.

ddd imsza 24

Для некаторых дзяцей гэтая літургія была падзякай за дар Першай святой Камуніі, якую яны прынялі сёлета.

З гаміліяй да ўдзельнікаў звярнуўся кс. Ян Раманоўскі, прэфект Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Святар адзначыў, што сёння ў свеце ёсць шмат рэчаў, якія робяць для чалавека немагчымай сустрэчу з Богам.

Дзеці самі адзначалі, што іх кантакту са Стварыцелем могуць перашкодзіць інтэрнэт, тэлефон, гульні і забавы. Таму яны абяцалі, што будуць прыкладваць шмат старанняў, каб ніколі не страціць Бога ў сваім жыцці, і старацца заўсёды, асабліва падчас канікул, жыць у сяброўстве з Ім.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч, звяртаючыся да дзяцей на заканчэнне Імшы, звярнуў увагу, што кожнай сям’і, каб быць шчаслівай і моцнай, патрэбны Бог. “Сям’я, моцная Богам, з’яўляецца нашай будучыняй”, – дадаў ён.

Айцец дыяцэзіяльнай сям’і заахвоціў дзяцей кожны дзень дзякаваць Богу за сваіх бацькоў і прасіць, каб Ён благаславіў кожную маці і бацьку, каб яны заўсёды давалі добры прыклад і вучылі дзяцей, як любіць Усемагутнага і кожнага чалавека. Біскуп падкрэсліў, што толькі з Богам можна пабудаваць дом, напоўнены любоўю.

Музычнае аздабленне Эўхарыстыі падрыхтавалі дзеці з гродзенскай парафіі Святога Духа (Альшанка), а літургію – дзеці з гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці (Вішнявец).

Kс. Юрый Марціновіч