19 мая рэліквіі св. Яна Паўла ІІ былі ўрачыста ўнесены ў парафію Св. Яна Хрысціцеля ў Воўпе (Мастоўскі дэканат). Урачыстасць адбылася з нагоды 99-й гадавіны нараджэння Вялікага Папы, якая прыпала напярэдадні.
Святую Імшу з удзелам шматлікіх вернікаў парафіі, а таксама прадстаўнікоў генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Гродне ўзначаліў пробашч парафіі кс. канонік Віктар Мыслюк.
У гаміліі канцлер Гродзенскай курыі кс. канонік Аляксандр Мацкевіч нагадаў пра постаць святога Папы, які з гэтага дня асаблівым чынам будзе прысутнічаць у мясцовай святыні і заступацца ва ўсіх просьбах парафіян перад Богам. Святар пажадаў вернікам, каб прысутнасць св. Яна Паўла ІІ у знаку рэліквій абуджала ў іх яшчэ большае жаданне чыніць у жыцці тое, чаму Папа вучыў і прыклад чаго даваў.
Урачыстасць завяршылася ўшанаваннем вернікамі рэліквій. Пробашч, дзякуючы ўсім за ўдзел у літургіі, выказаў надзею, што ўнясенне рэліквій будзе яшчэ большым увасабленнем Святога Айца сярод вернікаў, якія горача моляцца праз яго заступніцтва і хочуць, каб святы Папа і далей быў прысутным сярод іх.
Kс. Юрый Марціновіч