Skip to main content

Біскуп Аляксандр Кашкевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў Вялікай Бераставіцы

berastawica 7318 мая біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць Перамянення Пана ў Вялікай Бераставіцы.

Падчас урачыстай святой Імшы, на якой сабраліся шматлікія парафіяне, група моладзі і дарослых прыняла сакрамэнт хрысціянскай сталасці.

На пачатку літургіі біскупа прывіталі наймалодшыя вернікі, якія выказалі радасць ад прыбыцця пастыра дыяцэзіі ў іх парафію. Затым маладыя людзі і іх бацькі звярнуліся з просьбай удзяліць сакрамэнт канфірмацыі.

Біскуп, звяртаючыся да прысутных, адзначыў, што якраз у гэты дзень прыпадае 99-я гадавіна нараджэння Вялікага Папы – св. Яна Паўла ІІ. “Вялікім жаданнем Святога Айца, якое ніколі не было рэалізавана, было наведаць нашу краіну. Перакананы, што наш любімы св. Ян Павел ІІ сёння глядзіць на нас з дома Бога Айца ў небе і нас благаслаўляе”, – дадаў іерарх.

Ён заклікаў маладых людзей заўсёды ставіць да сябе патрабаванні і старацца іх у жыцці рэалізаваць.

Падчас Эўхарыстыі біскуп асаблівым чынам маліўся за мясцовага пробашча а. Вальдэмара Слоту CSsR, які ў гэтым месяцы адзначае 25-годдзе прыняцця прэзбітэрскага пасвячэння. Іерарх падзякаваў святару за яго руплівае служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі і вялікі клопат аб верніках, якіх Касцёл яму даручыў.

Таксама біскуп падзякаваў бацькам моладзі, якая была ўзбагачана сямю дарамі Духа Святога ў сакрамэнце канфірмацыі, за выхаванне сваіх дзяцей у веры і заахвоціў заўсёды даваць адпаведны прыклад хрысціянскага жыцця.

Kс. Юрый Марціновіч