11 мая ў лідскім Палацы культуры адбыўся вечар праслаўлення, арганізаваны каталіцкім евангелізацыйным рухам “Gloriosa Trinita”. Рух ужо шмат гадоў дзейнічае пры лідскай парафіі Святой Сям’і.
Свята праслаўлення прайшло пад дэвізам “Праз Марыю да Езуса”. Вечар, падчас якога прагучалі сведчанні многіх людзей, якія спазналі дзеянне Бога, што радыкальна змяніла іх жыццё, стаў магчымасцю сустрэчы з Богам і іншым чалавекам.
У сустрэчы прынялі ўдзел дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, святары, прадстаўнікі мясцовых уладаў, жыхары Ліды і наваколля, а таксама прадстаўнікі евангелізацыйнага руху “Gloriosa Trinita” з Польшчы, Італіі, Літвы i Беларусі. Сваім удзелам парадаваў прысутных таксама заснавальнік руху — кс. Анджэй Свянцінскі.
“Давайце пакінем усе свае трывогі і смуткі і адкрыем сваё сэрца Езусу праз Марыю”, – заахвоцілі на пачатку вядучыя вечара ўсіх прысутных.
Захапіцца пакорай Марыі
Сустрэча пачалася прадстаўленнем, якое падрыхтавалі маладыя артысты Тэатра імя св. Яна Паўла ІІ, што дзейнічае пры парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка).
Уся сустрэча аздаблялася прыгожым спевам, які падтрымліваў атмасферу і быў адзінай вялікай малітвай праслаўлення. Песні, якія гучалі на працягу вечара, вучылі любіць Бога ўсім сэрцам, любіць Маці Божую, перамагаць зло дабром і несці Божае святло і любоў усяму свету.
Сустрэча дапамагала ўдзельнікам адкрыць новыя бакі ўзаемаадносін любячага Бога з людзьмі – Яго дзецьмі. Сабраных заахвочвалі штодзённа адкрываць Божае слова, якое нясе ў сабе вялікае багацце і дае рэцэпты шчаслівага жыцця.
Ксёндз Юзаф Ганьчыц, пробашч парафіі Святой Сям’і ў Лідзе, прапанаваў удзельнікам паразважаць над роляй Маці Божай у жыцці кожнага чалавека.
Святар адзначыў, што Бог Айцец настолькі палюбіў Марыю, што не можа Ёй ні ў чым адмовіць. “Марыя вучыць нас пакоры, вучыць прымаць тое, што Бог хоча нам даць у нашым жыцці. Праз Марыю да Езуса – гэта значыць праз пакору да Езуса” – сказаў кс. Ганьчыц, падкрэсліваючы, што без пакоры няма жыцця з Езусам.
“Мала ведаць, што ёсць Бог – трэба Яго пазнаваць. Вучыцца слухаць Слова Бога, у цішыні, Езус і я, я і Езус”, – дадаў пробашч лідскай парафіі.
Стаць адважным чалавекам
Да ўдзельнікаў звярнуўся таксама біскуп Юзаф Станеўскі, які заклікаў іх да адвагі. “Сёння патрэбная адвага ў штодзённым бавяшчэнні Евангелля. Давайце вучыцца гэтай адвазе ў Марыі, якая прыняла пад сваё сэрца Сына Божага”, – сказаў іерарх.
Біскуп падзякаваў за гэты цудоўны вечар праслаўлення і за сведчанне веры, якім падчас яго дзяліліся ўсе пакаленні вернікаў.
Рух “Gloriosa Trinita”, які падрыхтаваў гэты вечар, дапамагае людзям выпрастаць свае жыццёвыя сцежкі. Радасць у вачах многіх людзей, для якіх гэты рух стаў адной вялікай сям’ёй, дзе яны могуць смела дзяліцца радасцямі і праблемамі, адчувалася падчас сустрэчы.
Мэтай іх жыцця з’яўляецца імкненне да святасці, да якой заахвочвае сам Хрыстус. Сваю прывязанасць да Касцёла і любоў да Езуса яны імкнуліся ў гэты вечар данесці да кожнага прысутнага.
Даведка: “Gloriosa Trinita” – міжнародная каталіцкая харызматычна-евангелізацыйная супольнасць, якая ўзнікла ў 2000 г. у Італіі. Праз чатыры гады намаганнямі кс. Анджэя Свянцінскага рух трапіў у Польшчу. Сёння ён існуе ў Італіі, Польшчы, Іспаніі, Бразіліі і Беларусі. У Беларусі рух ужо больш за 10 гадоў існуе пры парафіі Святой Сям’і ў Лідзе і аб’ядноўвае некалькі сотняў чалавек.
Рух з’яўляецца прыватным таварыствам вернікаў, скіраваным перш за ўсё на сем’і і асобаў, прысвечаных Найсвяцейшай Тройцы, якая з’яўляецца прыкладам дасканалай сям’і. Сям’я як вобраз Найсвяцейшай Тройцы – прывілеяванае месца, у якім нараджаецца і развіваецца святасць. Члены руху натхняюцца Найсвяцейшай Тройцай, крочачы да збаўлення і прыцягваючы да сябе ўсіх братоў, якія далучацца да гэтай справы.
Мэтай руху з’яўляецца ажыўленне веры ў сем’ях, у сэрцах усіх людзей. Таму яго ўдзельнікі жадаюць увайсці ў праблемы штодзённага жыцця сучаснага чалавека, выходзячы да яго на вуліцы.
Сілы да да штодзённага крочання з Езусам удзельнікі руху чэрпаюць з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Эўхарыстычная адарацыя з’яўляецца асабістай размовай з Богам, падчас якой могуць нарадзіцца важныя жыццёвыя рашэнні. Акрамя ціхай адарацыі, яны моляцца таксама падчас супольных адарацый з малітвай праслаўлення і спевамі.
Кс. Юрый Марціновіч