Skip to main content

Заканчэнне другога дня ДДМ: эўхарыстычная адарацыя і канцэрт

drugi dzen 227 мая, на заканчэнне другога дня Дыяцэзіяльных дзён моладзі, якія праходзяць у Шчучыне, маладыя людзі трывалі перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Адарацыя дапамагала моладзі ўсвядоміць, што грэх нішчыць чалавека і аддаляе ад Бога. Тады чалавек становіцца пустым і зняважаным, мае патрэбу ў Божай дапамозе, якую дае Пан Бог у сакрамэнце пакаяння.

Гэта быў асаблівы час, каб у цішыні на малітве перажыць хвіліны з Богам, які для чалавека павінен стаць усім. Гэта быў таксама час, каб рашыцца на адважны крок – прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання.

Падчас адарацыі святары сталі распарадчыкамі Божай міласэрнасці. У імя самога Хрыста яны ўдзялялі адпушчэнне грахоў маладым людзям, якія захацелі ачысціць свае сэрцы і прыняць канкрэтную пастанову выпраўлення.

На заканчэнне дня моладзь прыняла ўдзел у канцэрце музычнага гурта душпастырствa студэнтаў і старэйшай моладзі “OPEN”. На спакойную ноч, ужо апошнюю ў Шчучыне, моладзь атрымала благаслаўленне.

Kс. Юрый Марціновіч

Фота: Павел Адамовіч