У першы дзень мая дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі наведаў сваю родную парафію Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і св. Язафата ў Заневічах (дэканат Вялікая Бераставіца).
Падчас Эўхарыстыі іерарх асвяціў новы абраз Сэрца Езуса, які быў змешчаны ў галоўным алтары. На ўрачыстасці сабраліся шматлікія вернікі, госці, а таксама святары, якія паходзяць з гэтай парафіяльнай супольнасці – браты кс. прэлат Юрый Стэцкевіч, які служыць у Калінінградзе і кс. прэлат Андрэй Стэцкевіч, што служыць у Мінску, і кс. Юзаф Занеўскі SDB, які служыць у Маскве.
Пасля Імшы вернікі накіраваліся на месца былога маёнтку Абрэмшчына каля Заневіч, дзе зараз пабудавана капліца і дзе 22 гады пасля выхаду замуж за землеўладальніка Юзафа Бажэнцкага жыла благаслаўлёная Цэліна Бажэнцкая – маці, бабуля, законніца і заснавальніца супольнасці сясцёр змёртвыхпаўстанак. Там сабраныя памаліліся аб хутчэйшай кананізацыі Маці Цэліны і аб беатыфікацыі яе дачкі слугі Божай Ядвігі Бажэнцкай.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: кс. Андрэй Стэцкевіч