Skip to main content

Сакрамэнт канфірмацыі ў гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля: дзяліцца дарамі Духа з іншымі

dz kanf 7430 красавіка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе вернікаў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка) у Гродне.

Пасля ўрачыстага ўваходу іерарха ў святыню бацькі моладзі – кандыдатаў да канфірмацыі – звярнуліся да біскупа з просьбай аб удзяленні іх дзецям сакрамэнту хрысціянскай сталасці. Прадстаўнікі бацькоў у сваім слове адзначылі, што жадаюць для сваіх дзяцей “святла, мудрасці, вернасці і моцы, каб усё жыццё яны прабывалі з Уваскрослым”, таму яны паклапаціліся аб іх хрысціянскім выхаванні.

dz kanf 57

Вітаючы прысутных, пробашч парафіі а. Дзмітрый Лабкоў CSsR адзначыў, што моладзь жадае быць умацаванай гэтым дарам хрысціянскай сталасці, каб ісці з вялікай адвагай праз жыццё. Гэтае сваё жаданне выказалі і самі кандыдаты, калі на пытанне біскупа, ці хочуць прыняць Духа Святога, гучна, адважна і свядома далі свой адказ.

Падчас Імшы ўсе прысутныя асаблівым чынам маліліся, каб маладыя людзі былі сведкамі веры ў сённяшнім свеце. Маліліся таксама за ўсе сем’і, каб у іх перадаваліся хрысціянскія каштоўнасці.

У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, прэс-сакратар Гродзенскай курыі, адзначыў, што ў сакрамэнце канфірмацыі чалавек атрымлівае дары Духа Святога, дзякуючы якім становіцца больш блізкі Езусу і можа асвячацца.

“Каб гэтыя дары Духа Святога маглі паспяхова ў нас дзейнічаць, яны патрабуюць вялікай свядомасці, а найперш патрабуюць жывой веры”, – дадаў святар. Па словах кс. Марціновіча, кожны хрысціянін павінен прыносіць плёны Духа Святога, што будзе доказам блізкай сувязі з Хрыстом і поўнай падданасці Яго ўплыву.

На заканчэнне літургіі маладыя людзі выказалі падзяку біскупу, сваім катэхетам, бацькам і выхавацелям.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч, звяртаючыся да моладзі, пажадаў, каб дары Духа Святога, якія яна атрымала ў сакрамэнце хрысціянскай сталасці, яна не захоўвала толькі для сябе, а дзялілася гэтай любоўю, супакоем, радасцю, вернасцю, ласкавасцю, чыстасцю з іншымі.

JM

Фота: Дзмітрый і Галіна Валюшка