Skip to main content

У свята Божай Міласэрнасці біскуп Аляксандр Кашкевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў Ашмянах

aszmiany kanf 59У другую Велікодную нядзелю – 28 красавіка – у Касцёле адзначалася свята Божай Міласэрнасці. Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч у гэты дзень наведаў парафіяльную супольнасць Св. Міхала Арханёла ў Ашмянах.

У гадзіну міласэрнасці ў мясцовай святыні, дзе зараз ідзе грунтоўны рамонт, адбылася святая Імша, падчас якой іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі больш чым 120 вернікам.

Біскупа прывітаў пробашч парафіі кс. канонік Ян Пузына, які ад імя кандыдатаў да сакрамэнту хрысціянскай сталасці папрасіў аб удзяленні яго ім.

У гаміліі біскуп Кашкевіч адзначыў, што свята Божай Міласэрнасці “скіроўвае нашу ўвагу на адну з найвялікшых і найважнейшых для нас, людзей, прыкмет Пана Бога – на Яго міласэрнасць”.

aszmiany kanf 49

Па словах пастыра Касцёла на Гродзеншчыне, Бог жадае аказаць сваю міласэрнасць усяму чалавецтву і ўсіх прывесці да збаўлення, таму абраў маладую, простую законніцу, Фаўстыну Кавальскую, каб яна нагадала людзям пра гэта.

Біскуп дадаў, што дзякуючы таксама благаслаўлёнаму кс. Міхалу Сапоцьку і вялікаму шанавальніку Божай Міласэрнасці св. Яну Паўлу ІІ праўда пра Бога, багатага міласэрнасцю, у нашы часы быццам заззяла новым святлом і звярнулася нанова да сэрцаў мільёнаў людзей ва ўсім свеце.

“Сама па сабе праўда веры пра Божую Міласэрнасць не з’яўляецца чымсьці новым – яна была аб’яўлена на старонках Святога Пісання, у гісторыі выбранага народу, а асабліва ў асобе і дзеях Сына Божага Езуса Хрыста”, – сказаў іерарх, адзначыўшы, што сучасны чалавек меў патрэбу ў гэтым напаміне пра Бога міласэрнага, прабачаючага, які чакае кожнага грэшніка.

Біскуп падкрэсліў, што “аб’яўленні сястры Фаўстыне былі своеасаблівай духоўнай падрыхтоўкай чалавецтва да жорсткасцяў ХХ стагоддзя, каб чалавек не згубіўся канчаткова ў бязмернасці зла, не засумняваўся ў Богу, які з’яўляецца Айцом міласэрнасці, не дазволіў, каб зло, грэх і нянавісць атрымалі перамогу ў яго душы”.

Звяртаючыся да прымаючых сакрамэнт канфірмацыі, біскуп пажадаў ім заўсёды быць паслухмянымі Духу Святому, адкрытымі на Яго дзеянне і цаніць дар хрысціянскай веры, які атрымалі ад Бога.

“Будзьце ўдзячныя за гэты дар веры, не саромейцеся яго, учыніце ўсё, што ў вашай моцы, каб ім жыць, развіваць і памнажаць яго ў сабе, а ў будучыні перадаць наступнаму пакаленню”, – дадаў іерарх.

Усім жа прысутным у святыні ён пажадаў, каб, асветленыя святлом Духа Святога, яны адважна ішлі дарогай веры і былі сведкамі Божай Міласэрнасці.

На заканчэнне літургіі прадстаўнікі вернікаў, якія былі ўмацаваны дарамі Духа Святога, выказалі словы ўдзячнасці біскупу, святарам, якія іх рыхтавалі, сваім бацькам і ўсім, хто ўключыўся ў падрыхтоўку гэтай урачыстасці.

Kс. Юрый Марціновіч

Фота: Марцін Саросек