Skip to main content

Рэкалекцыі, прысвечаныя распазнанню паклікання, прайшлі ў гродзенскай семінарыі

rek wlk 22З 12 па 14 красавіка ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне пад кіраўніцтвам прэфекта кс. Андрэя Лішко адбыліся рэкалекцыі для юнакоў, прысвечаныя распазнанню паклікання.

Тэмай сустрэчы, якая сабрала каля 60 маладых людзей, сталі словы “Калі хочаш Мяне наследаваць, то бяры свой крыж на кожны дзень і ідзі са Мною збаўляць свет”.

Праграма была вельмі насычанай. Распачаліся рэкалекцыі св. Імшой, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Пасля Эўхарыстыі іерарх бліжэй пазнаёміўся з вялікай супольнасцю маладых людзей і адказаў на іх пытанні. Перад начным адпачынкам у семінарыйнай капліцы адбылася адарацыя Крыжа.

На другі дзень у праграме былі канферэнцыя, Ружанец, Вяночак да Божай Міласэрнасці, а таксама літургічная сустрэча. Галоўным пунктам стала святая Імша, а вечарам юнакі прынялі ўдзел у гарадскім Крыжовым шляху.

rek wlk 31

У апошні дзень сустрэчы прысутныя разважалі ў маленькіх групах над значнасцю Вялікага тыдня і Пасхальнага Трыдууму. Перад абедам адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Апошняй падзеяй была сустрэча моладзі з гродзенскім ардынарыем на Бэрнардынскім узгорку, у якой юнакi таксама прынялі ўдзел. Пасля гэтага вырушыла працэсія да катэдральнай базылікі, дзе біскуп Аляксандр Кашкевіч узначаліў святую Імшу Мукі Пана.

Падчас рэкалекцый прысутныя мелі магчымасць адчуць клімат семінарыйнага жыцця, паразмаўляць з семінарыстамі і духоўнымі айцамі, узбагаціць свае веды адносна праўдаў веры і малітвы, каб глыбей перажыць падзеі Вялікага тыдня і падрыхтавацца да асабістай сустрэчы з Уваскрослым Хрыстом.

Aндрэй Юхнік