З 29 па 31 сакавіка ў кляштары сясцёр кармэлітак Дзіцяткі Езуса ў Гудагаі прайшлі велікапосныя дні малітвы для дзяўчат. Сустрэча адбылася пад назвай “Чыстае сэрца ствары ўва мне, Божа”.
У межах рэкалекцый дзяўчаты мелі час, каб маліцца супольна і індывідуальна, разважаць над Божым словам, а таксама дзяліцца сваім жыццём і перажываннем веры.
Як адзначыла сястра кармэлітка Магдаліна Кулай, “хацелася даць магчымасць моладзі, каб у гэты час посту больш затрымацца над справай аднаўлення свайго сэрца, затрымацца пры Езусе, які нясе свой Крыж, Крыж майго асабістага граху”.
Вось некалькі разважанняў, якімі падзяліліся ўдзельніцы дзён малітвы:
“Калі буду глядзець толькі на сябе, то ўпаду. Калі ж на Езуса, які прайшоў свой Крыжовы шлях, то і я змагу прыняць свой маленькі крыж, сваё жыццё”.
“Прыехаўшы на гэтыя дні малітвы, неўзабаве для сябе адкрыла, што ўжо доўгі час як быццам ,,я не я”, я несапраўдная... Так, працэс зняцця сваіх масак не самы прыемны... Але ж так радасна адчуваць свабоду!”
“Мне была патрэбна мабілізацыя, ,,землятрус”, час сказаць сабе: стоп! Хопіць! Гэта цяпер той час, калі трэба паглядзець на сябе знутры...”
Дні малітвы праходзілі ў цішыні слова, цішыні сэрца, цішыні штодзённага жыцця. Удзельніцы перажывалі Крыжовы шлях на прыродзе, ідучы праз лес і гудагайскія ўзгоркі.
Была цудоўная магчымасць адараваць Крыж Пана, магчымасць не толькі дакрануцца да свайго штодзённага крыжа, але і спрабаваць зразумець сэнс свайго крыжа праз прызму Крыжа Збаўцы.
JM
Фота: с. Магдаліна Кулай