Парафія Св. Міхала Арханёла ў Навагрудку сумесна з дабрачыннай каталіцкай арганізацыяй “Карытас” зладзілі трэнінг-семінар “Прадпрымальніцтва як форма дзейнасці”, які адбыўся 9 сакавіка.
Удзельнікамі мерапрыемства сталі дасведчаныя прадпрымальнікі і тыя, хто плануе адкрыць сваю справу. Большасць склала моладзь, якую цікавяць шматлікія аспекты вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці.
Трэнінг-семінар правёў Ігар Мікульчык, аналітык па фінансавай адукацыі, сертыфікаваны трэнер міжнароднага курсу па фінансавай адукаванасці “Плануй сваю будучыню”, член міжведамаснага каардынацыйнага савета пры Савеце міністраў і Нацыянальным банку РБ па павышэнні фінансавай адукаванасці насельніцтва.
Падчас сустрэчы былі разгледжаны юрыдычныя аспекты дзейнасці прадпрымальнікаў, характарыстыка асабістых якасцяў, сацыяльная адказнасць бізнесу, разуменне маркетынгу, выбар прадпрамальніцкай “нішы”, прасоўванне тавару (рэклама), рызыкі ацэнкі ў прадпрымальніцтве, SWOT-аналіз, прадпрымальніцкая гульня, выбар юрыдычнай формы вядзення бізнесу, асаблівасці падбору персаналу, дзе знайсці грошы для бізнесу, крыніцы фінансавання, разумныя пазыкі і іншае.
Удзел у семінары прыняла таксама галоўны спецыяліст аддзела дзяржаўнай службы занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай ахове Навагрудскага райвыканкама Кацярына Казец, якая расказала аб садзейнічанні беспрацоўным у арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, дзейнасці па аказанні паслугаў у сферы аграэкатурызму і рамесніцкай дзейнасці.
Анастасія Пятрова