Skip to main content

Iмяніны кс. прэлата Юзафа Трубовіча: жыць з Богам і ісці за Ім

trubovicz 3319 сакавіка, ва ўрачыстасць святога Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, дзень сваіх імянін адзначыў найстарэйшы ў Беларусі святар – кс. прэлат Юзаф Трубовіч.

У гэты дзень святар цэлебраваў урачыстую святую Імшу ў парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне (Паўднёвы), дзе служыць з 1999 г.

Падчас Эўхарыстыі кс. Трубовіч дзякаваў Богу за ўсіх людзей, якіх Божы Провід паставіў на шляху яго жыцця, а таксама за жыццё, якое дае яму Пан. Сёння святару 92 гады. Ён нарадзіўся ў в. Невярышкі, якая належыць да парафіі ў Плюсах (Віцебская дыяцэзія).

trubovicz 25

Асоба ксяндза прэлата ўпісалася ў гісторыю нашага Касцёла, які адраджаецца, і з’яўляецца вялікім дарам і багаццем для нас. Таму таксама прысутныя вернікі дзякавалі за гэты дар і духоўнае багацце Пану Богу, а разам з тым прасілі праз заступніцтва св. Юзафа патрэбных сіл, Божай ласкі на далейшыя гады вернага і адданага служэння кс. Трубовіча ў Хрыстовым Касцёле.

“Дзякую за вашы малітвы, з дапамогай якіх я стаю на нагах”, – сказаў узрушаным голасам святар шматлікім вернікам, сабраным у святыні, у знак падзякі за дар супольнай малітвы і цёплыя пажаданні.

Ксёндз прэлат дадаў, што дзякуючы малітве чалавек можа духоўна ўзрастаць і пераадольваць чарговыя этапы зямнога шляху, які кожнаму вызначыў Стварыцель.

Святар заахвоціў вернікаў не шкадаваць часу на малітву, што з’яўляецца ўстанаўленнем дыялогу з Богам, які заўсёды клапоціцца пра кожнага, хто да яго звяртаецца. Ён запэўніў, што кожны дзень у сваіх прыватных малітвах і падчас Імшаў, якія цэлебруе, памятае пра кожнага чалавека і што яго вялікае жаданне – каб усе “жылі з Богам і ішлі шляхам, вызначаным толькі Богам”.

Kс. Юрый Марціновіч

Фота: Ганна Герасімовіч